
Пуста i сумна стала ў палацы без царыцы. Дзецi раслi без мацi.
На той час прыйшла да Афаманта прасiць прытулку адна царэўна, па iменi Iно; яе сям'ю выгналi з горада, у якiм яна раней жыла, бацькi i родныя яе ўсе памерлi, i яна засталася зусiм адна, без даху над галавой i ежы, без анiякай дапамогi.
"Адна пайшла, не развiтаўшыся, другая прыйшла нязваная", - падумаў цар Афамант i пакiнуў у сябе царэўну. Ён парашыў ажанiцца з ёю, каб яна замянiла дзецям мацi.
Неўзабаве Iно стала гаспадыняй у палацы Афаманта. Цар пакахаў яе, i людзi ў Архамене прывыклi да яе - яна ж была не нiмфа, а гэтакi ж чалавек, як i яны. Iно была ветлiвая з усiмi, кожнаму старалася спадабацца. Яна песцiла Фрыкса i Гелу, але тыя адчувалi, што яна не любiць iх.
Потым у Iно нарадзiўся сын, а праз год - другi. Яна ўжо больш не звяртала ўвагi на пасынка i падчарыцу i зусiм перастала клапацiцца пра iх.
Мiналi гады. Афамант дужа састарыўся, i ўсе чакалi, што хутка Фрыкс стане царом у Архамене.
"Што ж будзе са мною i з маiмi сынамi, калi сын Хмары стане царом у Архамене?" - думала Iно.
Царыца вырашыла пазбавiцца ад Фрыкса, але яна ведала, што багi караюць за забойства, i не хацела наклiкаць на сябе гнеў багоў. Iно прыдумала каварны план.
Кожную вясну архаменцы засявалi свае палеткi, а насенне для пасеву атрымлiвалi са свiрнаў цара. У той год людзi, як заўсёды, прыйшлi да цара па насенне. Iно падпражыла зярняты i выдала людзям насенне, непрыгоднае для пасеву.
Прыйшла пара, i зазелянелi палеткi вакол Архамена, ды толькi не збажыной, а пустазеллем. Насенне Iно не ўзышло. У краiне пачаўся голад.
Людзi не ведалi, чаму здарылася гэткае няшчасце, i думалi, што багi гневаюцца на iх. Вырашылi папытацца ў аракула - прадказальнiка, якi мог адгадваць усе таямнiцы мiнулага, сённяшняга i будучага. Царыца Iно падахвоцiлася папытацца ў аракула, завошта разгневалiся багi. Але яна нiчога нi ў кога не пыталася i сама падрыхтавала адказ.
