
Чалавек у адной сандалi
У Фесалii, на беразе залiва, стаяў калiсьцi багаты i прыгожы горад Iолк. Царом у iм быў стары Эзон. Малодшы брат яго, Пелiй, чалавек круты i ўладалюбiвы, звергнуў Эзона i сам пачаў кiраваць Iолкам. Эзон пакарыўся Пелiю, але не захацеў пакiдаць родны горад i застаўся жыць у Iолку як просты грамадзянiн, а свайго маленькага сына Язона ён, баючыся Пелiя, адаслаў у лес, на гару Пелiён.
На схiлах Пелiёна ў лесе жыло дзiкае племя кентаўраў. Гэта былi напалову людзi i напалову конi: у iх чалавечая галава i торс чалавека на конскiм тулаве з чатырма нагамi. Кентаўры былi вельмi лютыя i наганялi жах на мiрных жыхароў краiны, калi часам, нiбы дзiкi табун, як вiхор спускалiся з гор, топчучы палеткi i знiшчаючы пад сваiмi капытамi ўсё жывое.
Але сярод гэтых дзiкiх iстот быў адзiн стары кентаўр Хiрон, якi славiўся мудрасцю. Яму i аддаў Эзон на выхаванне свайго сына.
Шмат гадоў пражыў Язон у горнай пячоры ў Хiрона. Стары кентаўр загартаваў яго цела, зрабiў юнака дужым i спрытным, навучыў яго валодаць кап'ём i мячом, адкрыў яму шмат таямнiц прыроды i вучыў яго быць хiтрым у барацьбе з ворагамi.
Пелiй цараваў у Iолку. Нiшто не пагражала цару ў падуладным яму горадзе, але нейкая трывога ўвесь час мучыла Пелiя. Часта звяртаўся ён да аракулаў-прадказальнiкаў, пытаўся ў iх, цi доўга ён будзе жыць i хто перашкодзiць яго цараванню.
Неяк раз ён спытаў у аракула, адкуль чакаць яму небяспекi.
Аракул адказаў:
- Бойся чалавека, у якога абута толькi адна нага.
Пелiй запомнiў гэта i з таго часу, сустракаючыся з незнаёмым чалавекам, перш за ўсё глядзеў на яго ногi.
Калi Язону споўнiлася дваццаць гадоў, ён адчуў сябе дужым i моцным, адчуў, што гатовы да выпрабаванняў жыцця, i захацеў вярнуцца дадому. Ён развiтаўся з Хiронам, выйшаў з Пелiёнскага лесу, спусцiўся з гары i рушыў у Iолк.
