
- Мацней трымайся за мяне, - гаварыў Фрыкс сястры.
Але Гела дрыжала i раптам, крыкнуўшы, выпусцiла руку брата i саслiзнула з барана ў ваду.
- Гела! - паспеў толькi крыкнуць Фрыкс.
Але дзяўчынка ўжо знiкла ў вiры. Фрыкс заплюшчыў вочы i паплыў далей адзiн - прэч ад гэтага жудаснага месца.
А людзi потым назвалi тую частку мора, дзе патанула Гела, Гелеспонтам "морам Гелы".
Дзiвосны баран з залатым руном мiнуў другое мора i па другiм пралiве выплыў у шырокае бурнае Чорнае мора. Доўга плыў ён уздоўж берагоў, мiма чужых земляў, не падобных на Грэцыю. Нарэшце ён дабраўся да вусця вялiкай светлай ракi, што ўпадала ў мора, i далей паплыў уверх па рацэ. На беразе з аднаго боку цягнуўся густы цёмны лес з магутнымi высокiмi дрэвамi - гэта быў свяшчэнны гай Арэса, бога вайны. Удалечынi ўздымалiся ў неба вяршынi гор, укрытыя снегам. На другiм беразе ракi вiднеўся вялiкi горад - сталiца Калхiды, Ээтава царства.
Залатарунны баран вынес Фрыкса на бераг. Фрыкс увайшоў у горад i падаўся ў палац цара Ээта. Трымаючы за рог залатаруннага барана, сын Хмары прыйшоў да сына Сонца.
Ээт сустрэў Фрыкса ласкава i пасялiў у сваiм палацы. Дзiвоснага барана зарэзалi ў гонар бога Зеўса, а залатое руно павесiлi на свяшчэнным дубе ў гаi Арэса. Цар прыставiў страшнага дракона пiльнаваць дуб, каб нiхто не мог украсцi залатое руно. З таго часу пачало багацець царства Ээта. Зямля добра радзiла, i людзi жылi ў дастатку.
Падарожнiкi, якiя пабывалi ў Калхiдзе, разнеслi па ўсiм свеце чуткi пра дзiвоснае залатое руно, якое прыносiць багацце. Шмат смельчакоў з блiзкiх i далёкiх краiн марылi падацца ў Калхiду, каб хiтрыкамi або сiлаю здабыць залатое руно.
