
Хлопчык усмiхнуўся, гледзячы мне проста ў вочы, i пакляўся, што будзе адданы мне да самае смерцi i паедзе са мною, куды я захачу.
Гаварыў ён так шчыра, што я не мог яму не паверыць.
Пакуль маўр не наблiзiўся да берага, я трымаў курс ў адкрытае мора, лавiруючы супроць ветру, каб усе думалi, што мы iдзём да Гiбралтара.
Але як толькi пайшло на адвячорак, я пачаў кiраваць на поўдзень, прытрымлiваючыся патроху ўсходу, таму што мне не хацелася аддаляцца ад берага. Дзьмуў вельмi свежы вецер, але мора было роўнае, спакойнае, i таму мы iшлi добрым ходам.
Калi ж на другi дзень к тром гадзiнам наперадзе ўпершыню паказалася зямля, мы былi ўжо мiль на паўтараста паўднёвей Салеха, далёка ўжо за межамi ўладанняў мараканскага султана, ды i ўсякага iншага з афрыканскiх цароў. Бераг, да якога мы наблiжалiся, быў зусiм бязлюдны.
Але ў палоне я набраўся такога страху, так баяўся зноў трапiць да маўраў, што, карыстаючыся спрыяльным ветрам, якi падганяў маю шлюпку на поўдзень, пяць дзён плыў наперад i наперад, не становячыся на якар i не выходзячы на бераг.
Праз пяць дзён вецер змянiўся: падзьмуў з поўдня, i паколькi цяпер я ўжо не баяўся пагонi, то вырашыў падысцi да берага i кiнуць якар у вусцi нейкай маленькай рэчкi. Не магу сказаць пэўна, што гэта за рэчка, дзе яна працякае i якiя людзi жывуць на яе берагах. Берагi яе былi пустэльныя, i гэта мяне вельмi ўзрадавала, таму што ў мяне не было нiякага жадання сустракацца з людзьмi. Адзiнае, што мне было патрэбна, - прэсная вада.
Мы зайшлi ў вусце пад вечар i вырашылi, калi сцямнее, дабрацца да сушы ўплаў i агледзець ўсё навокал. Але як толькi сцямнела, мы пачулi страшэнныя гукi: бераг кiшэў звярамi, якiя так шалёна вылi, рыкалi, раўлi i брахалi, што бедны Ксуры ледзь не памёр ад страху, i Ксуры пачаў упрошваць мяне не выходзiць на бераг да ранiцы.
- Добра, Ксуры, - сказаў я яму, - пачакаем! Але можа здарыцца так, што пры дзённым святле мы ўбачым людзей, якiх нам трэба асцерагацца больш, чым лютых iльвоў i тыграў.
