
Зрабiўшы такi запас усяго неабходнага для далёкага плавання, мы выйшлi з гаванi, нiбыта на рыбную лоўлю. Я закiнуў у ваду свае вуды, але нiчога не злавiў (я знарок не выцягваў вуды, калi рыба трапляла на кручок).
- Тут мы нiчога не зловiм, - сказаў я маўру. - Гаспадар нас не пахвалiць, калi мы вернемся да яго з пустымi рукамi. Трэба плысцi далей у мора. Магчыма, далей ад берага рыба будзе лепей браць.
Не падазраючы падману, стары маўр згадзiўся са мною i, паколькi ён стаяў на носе карабля, узняў ветразь.
Я ж сядзеў за рулём на карме, i, калi судна адышло мiлi на тры ў адкрытае мора, я лёг у дрэйф* - як быццам для таго, каб зноў узяцца лавiць рыбу.
* Легчы ў дрэйф - размясцiць ветразi на судне так, каб яно заставалася амаль нерухомым.
Затым, аддаўшы хлапчуку руль, я перайшоў на нос, падышоў да маўра ззаду i раптам прыўзняў яго i кiнуў у мора. Ён зараз жа вынырнуў, таму што плаваў, як корак, i пачаў прасiцца, каб я ўзяў яго ў шлюпку, абяцаючы, што паедзе са мною хоць на край свету. Ён плыў так шпарка за суднам, што вельмi хутка дагнаў бы мяне (вецер быў слабы, i шлюпка ледзь рухалася). Бачачы, што маўр нас хутка дагонiць, я ўскочыў у каюту, узяў там паляўнiчую стрэльбу, прыцэлiўся ў маўра i сказаў:
- Я не жадаю табе зла, але зараз жа адчапiся ад мяне i хутчэй вяртайся дадому! Ты добры плывец, мора цiхае, ты лёгка даплывеш да берага. Паварочвай назад, i я цябе не зачаплю. Але калi ты не адстанеш ад шлюпкi, я прастрэлю табе галаву, таму што я цвёрда вырашыў здабыць сабе волю.
Ён павярнуў да берага i, я ўпэўнены, без цяжкасцi даплыў да яго. Вядома, я мог узяць з сабою гэтага маўра, але старому нельга было давяраць.
Калi маўр адстаў ад шлюпкi, я звярнуўся да хлопчыка i сказаў:
- Ксуры, калi ты будзеш мне адданы, я зраблю табе многа дабра. Паклянiся, што ты нiколi не здрадзiш мне, iнакш я i цябе кiну ў мора.
