- Паплывём далей ад гэтага берага. Зiрнiце, якое страшыдла ляжыць вунь там на пагорку. Яно моцна спiць, але невядома, што будзе, як яно прачнецца.

Я зiрнуў у той бок, куды паказваў Ксуры, i сапраўды ўбачыў страшэннага звера. Гэта быў велiзарны леў. Ён ляжаў пад выступам гары.

- Слухай, Ксуры, - сказаў я. - Iдзi на бераг i забi гэтага льва.

Хлопчык спалохаўся.

- Каб я яго забiў! - усклiкнуў ён. - Ды гэты ж леў мяне праглыне, як муху!

Я папрасiў яго не варушыцца i, не сказаўшы яму больш нi слова, прынёс з каюты ўсе нашы стрэльбы (iх было тры). Адну, самую вялiкую, я зарадзiў двума кавалкамi свiнца, папярэдне насыпаўшы ў рулю добры зарад пораху; у другую ўкацiў дзве вялiкiя кулi, а ў трэцюю - пяць куль паменей.

Узяўшы першую стрэльбу i старанна прыцэлiўшыся, я стрэлiў у звера. Я цэлiўся яму ў галаву, але ён ляжаў так, што лапа прыкрывала галаву на ўзроўнi вачэй, i зарад трапiў у лапу i раздрабiў косць. Леў зароў i ўсхапiўся, але, адчуўшы раптам боль, павалiўся, потым падняўся на трох лапах i закульгаў далей ад берага з такiм ровам, якога я нiколi не чуў.

Я быў крыху збянтэжаны, што не пацэлiў яму ў галаву; аднак, не марудзячы нi хвiлiны, узяў другую стрэльбу i стрэлiў зверу наўздагон. На гэты раз мой зарад трапiў якраз у цэль. Леў павалiўся з ледзь чутным хрыплым стогнам.

Калi Ксуры ўбачыў параненага звера, увесь яго страх прайшоў, i ён пачаў прасiць мяне, каб я пусцiў яго на бераг.

- Iдзi, - сказаў я.

Хлопчык скочыў у ваду i паплыў да берага, грабучы адной рукою, таму што ў другой трымаў стрэльбу. Наблiзiўшыся да звера, ён прыставiў рулю стрэльбы яму да вуха i забiў насмерць.

Вядома, прыемна было застрэлiць на паляваннi льва, але мяса яго было непрыдатна для ежы, i я пашкадаваў, што мы страцiлi тры зарады на такую нiкчэмную дзiчыну. Аднак Ксуры сказаў, што ён ўсё ж паспрабуе чым-небудзь пажывiцца ў забiтага льва i, калi мы вярнулiся ў шлюпку, папрасiў у мяне сякеру.



17 из 185