- Навошта? - спытаў я.

- Адсекчы яму галаву, - адказаў ён.

Аднак адсекчы галаву ён не здолеў, у яго не хапала сiлы: ён адсек толькi лапу i прынёс яе на нашу шлюпку. Лапа была неймавернага памеру.

Тут мне падумалася, што шкура гэтага льва можа нам спатрэбiцца, i я вырашыў паспрабаваць злупiць з яго шкуру. Мы зноў вярнулiся на бераг, але я не ведаў, як нават прыступiцца да гэтай работы. Ксуры аказаўся больш спрытны, чым я.

Працавалi мы цэлы дзень. I злупiлi шкуру толькi пад вечар. Мы расцягнулi яе на даху нашай маленькай каюты. Праз два днi яна зусiм высахла на сонцы i потым служыла нам за пасцель.

Адчалiўшы ад гэтага берага, мы паплылi проста на поўдзень i дзён дзесяць дванаццаць плылi, не мяняючы свайго кiрунку. Харч наш канчаўся, i таму нашы запасы мы старалiся расцягнуць як мага надалей. На бераг мы выходзiлi толькi па прэсную ваду.

Я хацеў дабрацца да вусця ракi Гамбii цi Сенегала, гэта значыць да тых мясцiн, якiя прылягаюць да Зялёнага мыса, таму што спадзяваўся сустрэць там якi-небудзь эўрапейскi карабель. Я ведаў, што, калi я не сустрэну карабля ў гэтых мясцiнах, мне застанецца або плыць у адкрытае мора на пошукi выспаў, або загiнуць сярод чарнаскурых - iншага выбару ў мяне не было.

Я ведаў, што ўсе караблi, якiя iдуць з Эўропы, куды б яны нi накiроўвалiся - цi да берагоў Гвiнеi, цi ў Бразiлiю, цi ў Ост-Iндыю, - праходзяць паўз Зялёны мыс, i таму мне здавалася, што ўсё маё шчасце залежыць ад таго, сустрэну я цi не якое-небудзь эўрапейскае судна каля Зялёнага мыса.

"Калi не сустрэну, - казаў я сабе, - мне пагражае верная смерць".

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЕРТЫ

Сустрэча з дзiкунамi

Прайшло яшчэ дзён дзесяць. Мы няўхiльна рухалiся на поўдзень.

Спачатку ўзбярэжжа было пустэльнае; потым разы два-тры ў розных мясцiнах мы ўбачылi голых чарнаскурых людзей, якiя стаялi на беразе i пазiралi на нас.



18 из 185