
Яны прапанавалi мне мяса, але я адмовiўся, знакам паказаўшы, што дарую яго iм. Я папрасiў у iх шкуру, якую яны аддалi мне вельмi ахвотна. Апрача таго, яны прынеслi мне яшчэ правiзii, i я з радасцю прыняў iх дар. Затым я папрасiў у iх вады: я ўзяў адзiн з нашых збаноў i перавярнуў яго дагары дном, каб паказаць, што ён пусты i што я прашу налiць яго. Тады яны нешта крыкнулi. Неўзабаве з'явiлiся дзве жанчыны i прынеслi вялiкую пасудзiну з абпаленай глiны (напэўна, дзiкуны абпальваюць глiну на сонцы). Гэту пасудзiну жанчыны паставiлi на беразе, а самi адышлiся, як i раней. Я адправiў Ксуры на бераг з усiмi трыма збанамi, i ён налiў iх да краёў.
Атрымаўшы такiм чынам ваду, мяса i хлебныя зярняты, я развiтаўся з прыязнымi дзiкунамi i на працягу адзiнаццацi дзён плыў у ранейшым кiрунку.
Кожную ноч у час штылю мы выкрасалi агонь i запальвалi ў лiхтары самаробную свечку, спадзеючыся, што якое-небудзь судна заўважыць наша малюсенькае полымейка, але нiводнага карабля нам так i не трапiлася па дарозе.
Нарэшце, мiляў за пятнаццаць наперадзе, я ўбачыў паласу зямлi, якая далёка выступала ў мора. Надвор'е было цiхае, i я скiраваў у адкрытае мора, каб абагнуць гэту касу. У той момант, калi мы абгiналi яе, я выразна ўбачыў мiляў за шэсць ад берага з боку акiяна другую зямлю i зрабiў для сябе вывад, што вузкая каса - гэта i ёсць Зялёны мыс, а тая зямля, што бачыцца ўдалечынi, адна з выспаў Зялёнага мыса. Але выспы былi вельмi далёка, i я не адважыўся накiравацца да iх.
Раптам я пачуў крык Ксуры:
- Пан! Пан! Карабель i ветразь!
Наiўны хлапчук быў так напалоханы, што ледзь не страцiў розум: уявiў сабе, нiбыта гэта адзiн з караблёў яго гаспадара, пасланых за намi ў пагоню. Але я ведаў, наколькi далёка былi мы цяпер ад маўраў, i быў упэўнены, што баяцца iх ужо няма чаго.
Я выскачыў з каюты i адразу ж убачыў карабель. Мне нават удалося разгледзець, што карабель гэты партугальскi. "Напэўна, ён накiроўваецца да берагоў Гвiнеi", - падумаў я. Але, уважлiва ўгледзеўшыся, я ўпэўнiўся, што карабель iдзе ў другiм кiрунку i не мае намеру паварочваць да берага. Тады я ўзняў усе ветразi i памчаўся ў адкрытае мора. Я вырашыў, чаго б гэта нi каштавала, дагнаць карабель i пачаць з iм перагаворы.
