
Хутка, аднак, я зразумеў, што, нават iдучы поўным ходам, я не здолею падысцi настолькi блiзка, каб на караблi маглi заўважыць мае сiгналы. Але якраз у той час, калi мяне пачала ўжо апаноўваць роспач, нас заўважылi з палубы - напэўна, у падзорную трубу. Як я потым даведаўся, на караблi вырашылi, што гэта шлюпка з якога-небудзь затанулага эўрапейскага судна. Карабель лёг у дрэйф, каб даць мне магчымасць наблiзiцца, i я прычалiў да яго гадзiны праз тры.
Мяне спыталi, хто я такi, спачатку па-партугальску, потым па-гiшпанску, затым па-французску, але нi аднае з гэтых моў я не ведаў.
Нарэшце адзiн матрос, шатландзец, загаварыў са мною па-ангельску, i я сказаў яму, што я ангелец i што я ўцёк з палону. Тады мяне i майго спадарожнiка вельмi прыязна запрасiлi на карабель. Хутка мы апынулiся на палубе разам з нашай шлюпкай.
Немагчыма выказаць, якi шчаслiвы я быў, калi адчуў сябе на волi. Я быў выратаваны i ад рабства i ад смерцi, якая мне пагражала! Шчасце маё было бязмежнае. Ад радасцi, каб аддзячыць, я прапанаваў капiтану, майму выратавальнiку, усю маёмасць, якая ў мяне была. Але капiтан адмовiўся.
- Мне нiчога не трэба, - сказаў ён. - Усе вашы рэчы будуць захаваныя, i вы атрымаеце iх, як толькi мы прыбудзем у Бразiлiю. Я выратаваў вам жыццё, бо добра разумею, што са мной таксама магло б здарыцца такое ж няшчасце. I як бы мне было радасна, каб такую ж паслугу зрабiлi для мяне вы! Не забывайце таксама, што мы едзем у Бразiлiю, а Бразiлiя далёка ад Ангельшчыны, i там вы можаце памерцi з голаду без гэтых рэчаў. Не таму ж я ратаваў вас, каб потым кiнуць на згубу! Не-не, сеньёр, я давязу вас да Бразiлii бясплатна, а рэчы дадуць вам магчымасць забяспечыць сябе харчаваннем i аплацiць праезд на радзiму.
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
