
Няма чаго i казаць, што ўсе гэтыя дванаццаць дзён я кожную хвiлiну чакаў смерцi, ды i нiхто з нас не спадзяваўся застацца жывы.
Аднойчы на свiтаннi (вецер усё яшчэ дзьмуў з ранейшай сiлай) адзiн з матросаў крыкнуў:
- Зямля!
Але не паспелi мы выбегчы з кают, каб даведацца, паўз якiя берагi нясе наша няшчаснае судна, як адчулi, што яно села на мель. У той жа момант ад нечаканага прыпынку на нашу палубу хлынула такая шалёная магутная хваля, што мы вымушаны былi зараз жа схавацца ў каютах.
Карабель так глыбока засеў у пяску, што не было чаго i думаць сцягнуць яго з мелi. Нам заставалася адно: паклапацiцца пра выратаванне свайго жыцця. У нас было дзве шлюпкi. Адна вiсела за кармой; у час шторму яе разбiла i знесла ў мора. Заставалася другая, але нiхто не ведаў, цi здолеем мы спусцiць яе на ваду. А мiж тым доўга думаць не было калi: карабель мог кожную хвiлiну разламацца напалам.
Памочнiк капiтана кiнуўся да шлюпкi i з дапамогай матросаў перакiнуў яе цераз борт. Мы ўсе, адзiнаццаць чалавек, спусцiлiся ў шлюпку i аддалi сябе ва ўладу хваль. Хоць шторм ужо i супакоiўся крыху, на бераг усё яшчэ накочвалiся велiзарныя хвалi i мора шалела.
Наша становiшча зрабiлася ячшэ больш безнадзейным: мы добра бачылi, што шлюпку вось-вось захлiсне i нам не выратавацца. Ветразя ў нас не было, а калi б i быў, дык быў бы зусiм бескарысны. Мы веславалi да берага з адчаем у сэрцы, як людзi, якiх вядуць на смяротную кару. Мы ўсе разумелi, што, як толькi шлюпка падыдзе да зямлi, прыбой яе адразу ж разаб'е на трэскi. Вецер нас падганяў, i мы налягалi на вёслы, уласнаручна наблiжаючы сваю пагiбель. Так несла нас мiлi чатыры, i раптам раз'юшаны вал, высачэзны, як гара, набег з кармы на нашу шлюпку. Гэта быў апошнi, смяротны ўдар. Шлюпка перакулiлася. I ў той жа момант мы ўсе апынулiся пад вадой. Бура за адно iмгненне раскiдала нас у розныя бакi.
