
Аднойчы прыйшлi да мяне трое з iх i, узяўшы з мяне абяцанне, што ўся наша гаворка застанецца таямнiцай, сказалi:
- Вы кажаце, што там, дзе вы былi, можна лёгка здабыць цэлыя груды залатога пяску i iншых каштоўнасцей. Мы хочам паслаць карабель у Гвiнею па золата. Цi згодны вы паехаць у Гвiнею? Вам не давядзецца на гэту справу трацiць нi капейкi: мы дамо вам усё, што патрэбна для абмену. За вашу працу вы атрымаеце сваю долю прыбытку, такую ж, як i кожны з нас.
Мне трэба было б адмовiцца i надоўга застацца ва ўрадлiвай Бразiлii, але, паўтараю, я заўсёды сам быў вiнаваты ва ўсiх сваiх няшчасцях. Мне страшэнна захацелася зведаць новыя марскiя прыгоды, i галава ў мяне закруцiлася ад радасцi.
У юнацтве я не меў сiлы адолець сваё захапленне падарожжамi i не паслухаўся добрых бацькоўскiх парад. Так i зараз я не здолеў устояць супроць спакуслiвай прапановы маiх бразiльскiх сяброў.
Я адказаў iм, што з ахвотай паеду ў Гвiнею з той, аднак, умовай, каб у час майго падарожжа яны прыгледзелi за маiмi ўладаннямi i выканалi ўсе мае распараджэннi ў тым выпадку, калi я не вярнуся.
Яны ўрачыста абяцалi выканаць мае пажаданнi i змацавалi нашу ўмову пiсьмовым абавязацельствам. Я ж, са свайго боку, зрабiў завяшчанне на выпадак смерцi: усю сваю рухомую i нерухомую маёмасць я завяшчаў партугальскаму капiтану, якi выратаваў мне жыццё. Але пры гэтым я зрабiў агаворку, каб частку капiталу ён накiраваў у Ангельшчыну маiм старэнькiм бацькам.
Карабель быў падрыхтаваны, i мае кампаньёны, згодна ўмове, нагрузiлi яго таварам.
I вось яшчэ раз - у нядобрую гадзiну! - 1 верасня 1659 года я ступiў на палубу карабля. Гэта быў той самы дзень, у якi восем гадоў назад я ўцёк з бацькоўскага дому i так безразважна загубiў сваю маладосць.
На дванаццаты дзень нашага плавання мы перасеклi экватар i знаходзiлiся пад сёмым градусам i сарака двума мiнутамi паўночнай шырынi, калi на нас нечакана наляцеў шалёны шквал. Ён наляцеў з паўднёвага ўсходу, потым пачаў дзьмуць у супрацьлеглы бок i, нарэшце, падзьмуў з паўночнага ўсходу - дзьмуў бясконца i з такой жахлiвай сiлай, што на працягу дванаццацi дзён нам давялося, аддаўшы сябе ва ўладу ўрагану, плысцi туды, куды нас гналi хвалi.
