
Як толькi я падумаў пра гэта, усё маё захапленне тут жа астыла: я зразумеў, што хоць я i выратаваў сваё жыццё, я не выратаваўся ад няшчасця, нягод i жахаў. Уся адзежа мая наскрозь вымакла, а перамянiцца мне не было ў што. У мяне не было нi ежы, нi прэснай вады, каб падмацаваць свае сiлы. Якая будучыня чакала мяне? Або я памру з голаду, або мяне разарвуць лютыя звяры. I што самае сумнае, я не меў магчымасцi паляваць на дзiчыну, не мог абаранiць сябе ад звяроў, бо ў мяне не было нiякай зброi. Наогул пры мне не засталося нiчога, апрача нажа i бляшанкi з тытунём.
Гэта прывяло мяне ў такi адчай, што я пачаў бегаць берагам туды i сюды, як звар'яцелы.
Наблiжалася ноч, i я з сумам пытаў сам у сябе: "Што чакае мяне, калi ў гэтай мясцовасцi водзяцца драпежныя звяры? Яны ж выходзяць заўсёды на паляванне ўначы?"
Непадалёку стаяла шырокае, разгалiстае дрэва. Я вырашыў узлезцi на яго i праседзець ноч у галлi да ранiцы. Нiчога iншага я не мог прыдумаць, каб ратавацца ад звяроў. "А пакуль надыдзе ранiца, - сказаў я сабе, - я паспею падумаць пра тое, якою смерцю наканавана мне памерцi, таму што жыць у гэтых пустэльных мясцiнах немагчыма".
Мяне мучыла смага. Я пайшоў паглядзець, цi няма дзе паблiзу прэснай вады. Адышоўшыся на чвэрць мiлi ад берага, на вялiкую радасць, я знайшоў ручай.
Напiўшыся i паклаўшы сабе ў рот тытуню, каб суцiшыць голад, я вярнуўся да дрэва, улез на яго i ўладкаваўся сярод галiн такiм чынам, каб не звалiцца на зямлю, калi засну. Затым выразаў сабе ёмкую сукаватую дубiнку на выпадак нападу ворагаў, зручней сеў i ад страшнай стомы моцна заснуў.
Спаў я соладка, як, напэўна, мала каму спалася б на такой нязручнай пасцелi. I наўрад цi прачынаўся хто пасля такога начлегу такiм свежым i бадзёрым.
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
Рабiнзон на бязлюднай выспе. - Ён здабывае рэчы з карабля i будуе сабе жытло.
Прачнуўся я позна. Надвор'е было яснае, вецер суцiшыўся, мора больш не шалела.
