Я зiрнуў на пакiнуты намi карабель i са здзiўленнем убачыў, што на ранейшым месцы яго ўжо няма. Цяпер яго прыбiла блiжэй да берага. Ён апынуўся непадалёку ад той самай скалы, аб якую мяне ледзь не разбiла хваляй. Напэўна, уначы яго ўзняў прылiў, зрушыў з мелi i прыгнаў сюды. Цяпер ён стаяў не далей мiлi ад таго месца, дзе я начаваў. Хвалi, вiдаць, не разбiлi яго: ён добра трымаўся на вадзе.

Я вырашыў зараз жа прабрацца на карабель, каб зрабiць запас правiзii i розных рэчаў.

Злезшы з дрэва, я яшчэ раз агледзеўся кругом. Першае, што я ўбачыў, гэта была наша шлюпка, якая ляжала праваруч на беразе, мiлi за дзве адсюль - там, куды яе шпурнуў ураган. Я спачатку пайшоў у тым кiрунку, але выявiлася, што проста туды не прайсцi: у бераг глыбока ўрэзалася бухта, з паўмiлi ў шырыню, яна i была перашкодай на дарозе. Я павярнуў назад, таму што мне было куды важней трапiць на карабель: я спадзяваўся знайсцi там ежу.

Апоўднi хвалi зусiм супакоiлiся, i адлiў быў такi моцны, што чвэрць мiлi да карабля я прайшоў па сухiм дне.

Тут зноў у мяне заныла сэрца: мне стала зразумела, што ўсе мы цяпер былi б жывыя, калi б не спалохалiся i не пакiнулi свой карабель. Трэба было толькi дачакацца, каб мiнуўся шторм, i мы шчаслiва дабралiся б да берага, i я не вымушаны быў бы цяпер пакутаваць у гэтай бязлюднай пустынi.

Пры думцы пра сваю адзiноту я заплакаў, аднак успомнiўшы, што слёзы нiколi не спыняюць няшчасце, вырашыў, чаго б гэта нi каштавала, дабрацца да разбiтага судна. Распрануўшыся, я зайшоў у ваду i паплыў.

Аднак самае цяжкае было яшчэ наперадзе: я не мог узлезцi на карабель. Ён стаяў на мелкiм месцы, так што амаль цалкам выступаў з вады, а ўхапiцца не было за што. Я доўга плаваў вакол яго i раптам заўважыў карабельны канат (дзiўлюся, як ён адразу не кiнуўся мне ў вочы!). Канат звешваўся з люка, i паколькi канец яго быў даволi высока над вадою, то я злавiў яго з вялiкай цяжкасцю.



30 из 185