
- Ну, як ты сябе адчуваеш, Боб? Я гатовы паспрачацца, што ўчора ты добра напалохаўся. Прызнавайся: ты ж напалохаўся ўчора, як падзьмуў вятрыска?
- Вятрыска? Добры вятрыска! Гэта ж быў шалёны шквал. Я нават уявiць сабе не мог такой жахлiвай буры!
- Буры? Ах ты дзiвак! Па-твойму, гэта бура? Ну, ды ты ж яшчэ новенькi на моры: не дзiўна, што напалохаўся... Аднак хадзем лепей ды загадаем падаць нам пуншу, вып'ем па шклянцы i забудзем пра буру. Зiрнi, якi ясны дзень! Цудоўнае надвор'е, цi не так?
Каб скарацiць гэту сумную частку майго апавядання, скажу толькi, што ўсё пайшло, як звычайна бывае ў маракоў: напiўшыся, я сп'янеў i ўтапiў у вiне ўсе свае найлепшыя думкi пра неадкладны зварот дадому. Як толькi настаў штыль i я пакiнуў баяцца, што хвалi мяне праглынуць, я тут жа забыў пра свой добры намер.
На шосты дзень мы ўбачылi ўдалечынi горад Ярмут. Вецер пасля буры дзьмуў насустрач, i таму мы вельмi паволi рухалiся наперад. У Ярмуце нам давялося кiнуць якар. У чаканнi спадарожнага ветру мы прастаялi сем цi восем дзён.
За гэты час сюды прыйшло многа караблёў з Ньюкасла. Мы, аднак, не прастаялi б столькi i зайшлi б у раку разам з прылiвам, але вецер усё свяжэў, а дзён праз пяць падзьмуў з усяе сiлы.
На нашым караблi якары i якарныя канаты былi моцныя, i нашы матросы былi ўпэўнены, што судну не пагражае нiякая небяспека. I таму па звычаю ўсiх матросаў увесь свой вольны час яны аддавалi вясёлым пацехам i забаўкам.
Але на дзевяты дзень пад ранiцу вецер пасвяжэў i хутка разыграўся страшэнны шторм. Нават выпрабаваныя маракi былi напалоханы. Я некалькi разоў чуў, як наш капiтан, праходзячы паўз мяне то ў сваю каюту, то з каюты, паўтараў напаўголасу: "Мы загiнулi! Мы загiнулi! Канец!"
I ўсё роўна ён не губляўся i пiльна сачыў за работай матросаў i прымаў усе захады, каб выратаваць свой карабель.
Да гэтага часу я не баяўся, я быў упэўнены, што i гэта бура мiнуецца гэтак жа шчаслiва, як i першая. Але калi сам капiтан сказаў, што ўсiм нам прыйшоў канец, я страшэнна спалохаўся i выбег з каюты на палубу. Нiколi ў жыццi не даводзiлася бачыць мне такога жахлiвага вiдовiшча. На моры, быццам высачэзныя горы, хадзiлi велiзарныя хвалi, i кожныя тры-чатыры хвiлiны на нас абвальвалася такая гара.
