Я адчуваў, што ён кажа праўду, i не мог пярэчыць. Але ўсё роўна я не вярнуўся дадому, таму што мне было брыдка паказацца на вочы маiм блiзкiм. Мне здавалася, што ўсе нашы суседзi будуць нада мною кпiць; я быў упэўнены, што мае няўдачы зробяць мяне пасмешышчам для ўсiх сяброў i знаёмых.

З цягам часу я не аднойчы заўважаў, што людзi, асаблiва ў маладосцi, лiчаць непрыстойнымi не тыя свае бессаромныя ўчынкi, за якiя завуць iх дурнямi, а тыя добрыя i высакародныя справы, якiя робяцца iмi ў хвiлiны раскаяння, хоць толькi за гэтыя справы i можна зваць iх разумнымi. Такi i я быў у той час. Успамiны пра пакуты, якiя я выцерпеў у час караблекрушэння, паступова сцерлiся, i я, пражыўшы ў Ярмуце два-тры тыднi, паехаў не ў Гуль, а ў Лондан.

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦI

Рабiнзон трапляе ў палон. - Уцёкi.

Вялiкiм маiм няшчасцем было тое, што я ў час маiх прыгод не застаўся на караблi матросам. Праўда, мне давялося б болей працаваць, але затое вывучыўся б, нарэшце, мараходнай справе i з цягам часу мог бы стаць штурманам, а магчыма, i капiтанам. Але ў той час я быў такi дурны, што з усiх шляхоў выбiраў заўсёды самы горшы. З той прычыны, што я мог тады заўсёды фарсiць сваiм адзеннем i ў кiшэнях у мяне не зводзiлiся грошы, я заўсёды з'яўляўся на карабель бесклапотным шалапутам: нiчога там не рабiў i нiчому не вучыўся.

Маладыя свавольнiкi i гультаi звычайна трапляюць у дрэнную кампанiю i вельмi хутка канчаткова збiваюцца з тропу. Такi ж лёс чакаў i мяне, але ў Лондане мне пашчасцiла пазнаёмiцца з паважным пажылым капiтанам, якi шчыра мною зацiкавiўся. Незадоўга перад гэтым ён хадзiў на сваiм караблi да берагоў Афрыкi i Гвiнеi. Гэта падарожжа прынесла яму немалы прыбытак, i цяпер ён зноў збiраўся накiравацца ў тыя ж краi.

Я спадабаўся яму. Я быў тады цiкавым суразмоўцай.

Ён часта бавiў са мною свой вольны час i, даведаўшыся, што я мару пабачыць заморскiя краiны, прапанаваў мне пайсцi ў плаванне на яго караблi.



8 из 185