
- Вам гэта не будзе каштаваць грошай, - сказаў ён, - я не вазьму з вас нiчога нi за праезд, нi за яду. Вы будзеце на караблi маiм госцем. А калi яшчэ прыхопiце з сабою сякiя-такiя рэчы, якiя вам удасца выгадна збыць на Гвiнеi, то вы будзеце мець яшчэ i барыш. Паспрабуйце, можа, якраз вам i пашэнцiць.
Гэты капiтан карыстаўся агульным даверам, i я з ахвотай згадзiўся на яго запрашэнне.
Накiроўваючыся ў Гвiнею, я прыхапiў з сабою сёе-тое з тавару: закупiў на сорак фунтаў стэрлiнгаў* розных бразготак i шкляных вырабаў, якiя мелi выдатны збыт у дзiкуноў.
* Фунт стэрлiнгаў - грашовая адзiнка ў Ангельшчыне.
Набыць гэтыя сорак фунтаў мне пасадзейнiчалi блiзкiя сваякi, з якiмi я меў лiставанне: я паведамiў iм, што збiраюся заняцца гандлем, i яны ўгаварылi маю мацi, а магчыма, i бацьку памагчы мне хоць нязначнай сумай.
Гэта паездка ў Афрыку была, бадай, маiм адзiным шчаслiвым падарожжам. Вядома ж, за свой поспех я павiнен быў быць удзячны толькi бескарыслiвай дабраце капiтана.
У час падарожжа ён займаўся са мной матэматыкай i вучыў мяне карабельнай справе. Ён меў задавальненне ад таго, што перадаваў мне свой вопыт, а я - ад таго, што слухаў i вучыўся ў яго.
Падарожжа зрабiла мяне i мараком i купцом: я вымяняў на свае бразготкi пяць фунтаў i дзесяць унцый залатога пяску, за якi, вярнуўшыся ў Лондан, атрымаў немалую суму.
Такiм чынам, я мог лiчыць сябе багатым прамыслоўцам, якi паспяхова вядзе гандаль з Гвiнеяй.
Але, на маё няшчасце, мой сябра капiтан хутка пасля вяртання ў Ангельшчыну памёр, i мне давялося зрабiць другое падарожжа на свой страх, ужо без сяброўскай парады i дапамогi.
Я адплыў з Ангельшчыны на тым жа караблi. I гэта было самае нешчаслiвае падарожжа, якое калi-небудзь рабiў чалавек.
Аднойчы на свiтаннi, калi мы пасля доўгага плавання iшлi памiж Канарскiмi выспамi i Афрыкай, на нас напалi пiраты - марскiя разбойнiкi. Гэта былi туркi з Салеха. Яны здаля заўважылi нас i поўным ходам прыпусцiлi наўздагон.
