Сабака быў сапраўдны прыгажун. Калi ён быў у форме, мускулы выпiналiся пад скурай. На ўсёй Алясцы не знайсцi было здаравейшага i разумнейшага на выгляд сабакi. Даволi было толькi зiрнуць на Мечанага, каб вызначыць, што ў запрэжцы ён зможа цягнуць за трох сабак адной з iм вагi. Можа, ён i мог, але ж я нiколi гэтага не бачыў. Розум яго скiроўваўся не на гэта. Вось красцi ён умеў дасканала. Мечаны вызначаўся адной вельмi агiднай асаблiвасцю: ён заўсёды ўгадваў, калi прадбачыцца работа, i заўсёды ўмеў уцячы ад яе. У яго быў нейкi незвычайны талент - своечасова згубiцца i своечасова знайсцiся. Але як толькi даходзiла да работы, Мечаны зусiм трацiў кемлiвасць i ператвараўся ў бездапаможную, дрыжачую, як кусок студзеня, скацiну, - сэрца аблiвалася крывёю ад жалю да яго.

Iншы раз мне думаецца, што прычына гэтага зусiм не тупасць. Магчыма, Мечаны таксама, як i некаторыя людзi, якiх я ведаў у свой час, быў занадта разумны для таго, каб працаваць. Я не здзiўдюся, калi пры ўсёй яго кемлiвасцi, ён проста ашукваў нас. Магчыма, ён добра памеркаваўшы, вырашыў, што лепей няхай сяды-тады налупцуюць, чым штодзень працаваць, хоць i не лупцуюць. На такiя прыкiдкi ў Мечанага розуму хапiла б.

Ведаеце, бывала, сяду, зiрну яму ў вочы i такiм розумам яны свецяцца, што ў мяне пачынаюць мурашкi па спiне бегаць i дрыжыкi бяруць. Нават не магу словамi выказаць, якiм розумам яны свяцiлiся. Гэта вышэй за ўсякiя словы. Я бачыў гэта - вось i ўсё тут. Глянуць Мечанаму ў вочы iншы раз было тое самае, што зазiрнуць у чалавечую душу. Тое, што бачыў я тамака, пужала мяне i нараджала ў маiм мозгу розныя думкi пра перасяленне душ i пра ўсякае глупства. Не паверыце, але я адчуваў нешта вельмi важнае ў вачах у гэтай жывёлiны; у iх была нейкая думка, якую мне было цяжка зразумець, бо я не дарос да яе разумення. Як бы там нi было (ведаю, што выстаўляю сябе на смех) гэтыя вочы збiвалi мяне з панталыку. Нават не магу прыблiзна вызначыць, што бачыў я ў гэтых вачах. Гэта не быў копер або святло: нешта рухалася ў той час, калi самi вочы аставалiся нерухомыя.



2 из 12