Я дапускаю, што я, нават не бачыў, як яно рухалася, проста я адчуваў гэта. Выразнасць, экспрэсiя - вось што гэта было такое. I я не мог працiвiцца. Не, хутчэй гэта было нешта адметнае ад простай выразнасцi. Не ведаю дакладна, што гэта магло быць, але яно выклiкала пачуццё роўнасцi. Не сентыментальнага падабенства, не. Гэта было, хутчэй, пачуццё роўнасцi. Тыя вочы нiколi не прасiлi, як, напрыклад, вочы аленя. У iх быў выклiк. Не, гэта быў не ваяўнiчы выклiк, а проста сцвярджэнне роўнасцi. Не думаю, што сцвярджэнне рабiлася знарок: усё было натуральна. У яго паглядзе было штосьцi, штосьцi там свяцiлася. Нават не свяцiлася, а паяўлялася. Ведаю, што мялю лухту, але ж калi б вы зазiрнулi ў тыя сабачыя вочы так, як глядзеў у iх я, вы б усё зразумелi самi. Стыў у вачах Мечанага адчуваў тое самае.

Аднойчы я паспрабаваў забiць Мечанага - карысцi ад яго не было нiякай. Але я не змог зрабiць гэтага. Я павёў яго ў кусты, а ён цягнуўся за мною паволi i неахвотна. Ён ведаў, што гэта ўсё значыла. Я спынiўся ў зручным месцы, наступiў на вяроўку i выцягнуў свой вялiкi кольт. Сабака сеў i глядзеў на мяне. Паверыце, ён не прасiў лiтасцi. Ён проста глядзеў. Я ўбачыў, што ў яго ў вачах паявiлася нешта недаступнае, iменна паявiлася. Я не бачыў гэтага, я адчуваў, што вочы ў Мечанага напоўнiлiся нечым недаступным для майго разумення. Я разгубiўся. Забiць яго было ўсё роўна, што забiць смелага чалавека, якi глядзеў спакойна ў дула пiсталета, нiбы пытаючыся: "Ну, хто з нас струсiць?" Ды яшчэ мне здавалася, што вось-вось я ўлаўлю ў яго ў вачах тое недаступнае. Замест таго каб нацiснуць на спускавы кручок, я анямеў, ловячы тое недаступнае. Яно было блiзка ад мяне, блiскала ў яго вачах. А потым забiваць было позна. Я спалохаўся. Мяне калацiлi дрыжыкi, зрабiлася млосна. Я бездапаможна апусцiў рукi i глядзеў на сабаку, а той глядзеў на мяне, пакуль я не адчуў, што вар'яцею. Хочаце ведаць, што я зрабiў? Я кiнуў пiсталет i пабег да лагера. Сэрца маё сцiснулася ад страху.



3 из 12