
Аднойчы я быў сведкам, як Мечаны сцягнуў са склепа ў маёра Дынвiндзi такi цяжкi кавалак ласяцiны, што ледзь скакаў, толькi на адзiн крок апярэджваючы кухарку-iндыянку мiстэра Дынвiндзi, якая гналася за iм з сякераю ў руках. У той час, калi Мечаны ўзабраўся на ўзгорак, а кухарка перастала даганяць, з хаты выбег сам маёр Дынвiндзi i разрадзiў свой "вiнчэстэр" у паветра. Ён двойчы зараджаў стрэльбу, расстраляў усе патроны, але нi разу не зачапiў яго. А крыху пазней прымчаўся палiцэйскi i аштрафаваў маёра за стральбу з агнястрэльнай зброi ў межах горада. Маёр заплацiў штраф, а мы са Стывам заплацiлi маёру за ласяцiну па адным даляру за фунт мяса разам з касцямi. Ён сам купляў гэтую ласяцiну па такой цане: мяса ў той год было дарагое.
Я вам расказваю толькi пра тое, што бачыў на свае вочы. Цяпер расскажу яшчэ пра адзiн выпадак. Я бачыў, як Мечаны правалiўся ў палонку. Яго, як саломiнку, адразу засмактала цячэннем пад лёд, таўшчыня якога перавышала тры футы. Ядраў трыста нiжэй па цячэннi была другая вялiкая палонка, з якой бралi ваду ў бальнiцу. Дык вось Мечаны вылез з гэтай палонкi, атросся, абгрыз лёд памiж кiпцюрамi, выбраўся на бераг i аббрахаў здаравеннага ньюфаўндленда, што належаў прыiскаваму камiсару.
Увосень 1898 года з апошняй вадой мы адправiлiся на баграх уверх па Юконе - пакiравалiся да ракi Сцюарт. Мы забралi з сабой усiх сабак, акрамя Мечанага. Мы вырашылi: даволi кармiць яго. Калi ўзяць разам той час, тыя грошы, клопаты i правiянт, асаблiва правiянт, што патрацiлi на яго, то атрымлiвалася, што Мечаны каштаваў нам значна болей, чым мы ўтаргавалi, калi прадавалi яго на Чылкуцкiм перавале. Вось чаму мы прывязалi Мечанага ў хацiне, а самi пагрузiлiся ў лодку з усёй нашай амунiцыяй.
