
Замаразкi засталi нас у вусцi залiва Хендэрсон, дзе мы абмянялi Мечанага на два мяшкi мукi ў адной групы, якая кiравалася ўверх па Вайт-рывер у пошуках медзi. Да прызначанага месца гэтая група так i не дайшла. Яна таямнiча знiкла, не пакiнуўшы пасля сябе нi людзей, нi сабак, нi нартаў - нiчога. Яна бясследна прапала i стала адной з неразгаданых загадак гэтага краю. З цяжкасцю падымалiся мы ўверх па Сцюарце. А праз шэсць тыдняў у наш лагер прыплёўся Мечаны. Ён быў як шкiлет, ледзь-ледзь цягаў ногi. Але ж такi прыйшоў да нас. I вось што мне цiкава: хто гэта сказаў Мечанаму, што мы ў вярхоўi Сцюарта? Мы ж маглi падацца ў якое хочаце iншае месца. Як жа ён мог даведацца? Што вы на гэта скажаце?
Ад Мечанага немагчыма было збавiцца. У Мэе Мечаны распачаў бойку з сабакам аднаго iндзейца. Гаспадар сабакi кiнуўся да Мечанага з сякераю, але прамахнуўся i забiў свайго сабаку. Кажыце, што хочаце, пра магiю, з дапамогай якой можна адводзiць убок кулi, але што датычыць мяне, дык я лiчу, што адвесцi поглядам сякеру ў руках вялiкага iндзейца значна цяжэй. Я на свае вочы бачыў, як Мечаны зрабiў гэта. Той iндзеец не хацеў забiваць свайго сабаку; можаце паверыць мне.
Я ўжо казаў пра тое, як Мечаны знiшчаў нашыя мясныя прыпасы.
