Сэрваль на хаду паклаў руку на шурпатую рукаяць пiсталета.

Паварот застаўся ззаду. Не варта было так хутка iсцi i баяцца.

Цяпер перад сабою Сэрваль бачыў плот. За плотам павiнна быць разбураная сцяна.

За некалькi метраў да сцяны лейтэнант упаў на зямлю i выхапiў пiсталет.

Злева ад яго блiснуў праменьчык электрычнага лiхтарыка. Гэтага было дастаткова: "Варожы патруль". Сэрваль здзiвiўся, што прашаптаў гэтыя два словы, быццам папярэджваючы некага, хто быў за iм.

Паспрабаваў вызначыць дыстанцыю: каля ста метраў. Патруль не мог заўважыць яго, бо за паваротам хаваў яго плот. Ён перачакае колькi хвiлiн, а потым зноў пойдзе. Абы толькi гэты патруль.

Зноў блiснуў лiхтарык. На гэты раз ужо блiжэй. Патруль, вiдаць, iшоў якраз на яго. Колькi ж там чалавек? З цяжкасцю ўдалося разгледзець, што па полi рухалiся тры чалавечыя постацi. Тры згорбленыя ценi iшлi адна за адной. Яшчэ пучок святла. Непадалёку ад дарогi, адразу за сцяной, стаяла сiласная вежа. Патруль i выйдзе недзе адтуль. Сэрваль, лежачы ў канаве, думаў, што яго не заўважаць: аўчына ў снезе.

"Перавага ў таго, хто стрэлiць першы", - сказаў сам сабе Сэрваль.

Ён, нiбы драпежнiк, якi вось-вось нападзе на сваю ахвяру, увесь сцiснуўся ў кулак.

У цвёрдым поступе ценяў адбылося нейкае замяшанне. Потым - зноў упэўненыя крокi. Патруль знiк за сцяною.

Цяпер уся Сэрвалева ўвага была скiравана на сцяну. Ён чуў, як бiлася яго сэрца, хоць страху не было.

"Адны людзi баяцца толькi спачатку, другiм страшна ў час самога здарэння, да трэцiх страх прыходзiць аж тады, калi ўсё ўжо адбылося. Да апошнiх належу i я".

Ва ўсякiм разе, ён быў упэўнены, што зможа ўлажыць гэтых трох. Абы... абы толькi не з'явiўся новы патруль, каб агледзець сцяну з другога боку. А такi варыянт таксама мог быць. Сэрвалю вельмi карцела азiрнуцца. Аднак адзiны рух мог выдаць яго, i ён глыбей загробся ботамi ў снег, каб патруль не згледзеў на падэшвах плешак ад цвiкоў.



2 из 4