Магчыма, пропаведзь працягнецца доўга, але нiчога не паробiш, давядзецца пацярпець. Нiхто не хацеў зневажаць яго.

Ён быў салдацкiм каралём i прывык да таго, што салдаты ахвотна iшлi за яго на смерць*. Але тут, у царкве, вакол яго былi простыя гараджане i рамеснiкi, простыя шведскiя мужчыны i жанчыны, якiя нiколi ў жыццi не чулi каманды: "Узяць на каравул!" Аднак варта яму толькi паказацца сярод iх, i яны ўжо траплялi пад яго ўладу. Яны пайшлi б за iм у агонь i ў ваду, аддалi б яму ўсё, чаго ён пажадае, бо верылi ў яго, абагаўлялi. Ва ўсёй царкве прыхаджане малiлiся за гэтага незвычайнага чалавека, якi быў каралём Швецыi.

* Карл XII быў вельмi папулярны сярод салдат свайго войска, якiм iмпанавалi яго асабiстыя якасцi - храбрасць, самавалоданне, сiла волi.

Я спрабую ўдумацца ва ўсё гэта, я спрабую зразумець, чаму любоў да караля Карла магла непадзельна завалодаць чалавечай душой i так глыбока ўкаранiцца нават у самым суровым i панурым старым сэрцы, што ўсе людзi думалi - любоў гэта будзе спадарожнiчаць яму i пасля смерцi.

I таму, пасля таго як выявiўся крадзеж пярсцёнка Лёвеншольдаў, у прыходзе Бру больш за ўсё здзiўлялiся, што ў кагосьцi хапiла духу на такую нядобрую справу. А вось любячых жанчын, пахаваных з заручальным пярсцёнкам на пальцы, - тых, на думку прыхаджан, зладзеi маглi рабаваць без апаскi. Або ж калi якая-небудзь пяшчотная мацi заснула вечным сном, трымаючы кудзер свайго дзiцяцi, то яго бязбоязна маглi б вырваць у яе з рук. I калi б якога-небудзь пастара паклалi ў труну з Бiблiяй у галавах, то i Бiблiю гэту, пэўна, можна было б украсцi ў яго без усякай шкоды для лiхадзея. Але ўкрасцi пярсцёнак Карла XII з пальца мёртвага генерала, якi жыў у маёнтку Хедэбю! Немагчыма ўявiць сабе, каб чалавек, народжаны жанчынай, рашыўся на такое адчайнае святатацтва!



15 из 89