Зразумела, не раз пачыналi следства, але гэта нi да чаго не прывяло лiхадзея так i не знайшлi. Злодзей прыйшоў i пайшоў у начным змроку, не пакiнуўшы нiякiх доказаў, якiя маглi б навесцi на след.

I гэтаму зноў-такi дзiвiлiся. Бо хадзiла нямала чутак аб прывiдах, якiя з'яўлялiся па начах, каб выкрыць злачынца, якi ўчынiў куды меншае злачынства.

Але ўрэшце, калi стала вядома, што генерал зусiм не кiнуў пярсцёнак на волю лёсу, а наадварот, змагаўся за тое, каб вярнуць яго назад, змагаўся з той самай грознай няўмольнасцю, якую праявiў бы, калi б пярсцёнак укралi ў яго пры жыццi, нiводзiн чалавек нiколькi гэтаму не здзiвiўся. Нiхто не выказаў сумнення ў тым, што так яно ўсё i было, бо нiчога iншага ад генерала не чакалi.

IV

Гэта здарылася праз многа гадоў пасля таго, як бясследна знiк генералаў пярсцёнак. Аднойчы пастара з Бру паклiкалi да беднага селянiна Борда Бордсана з аддаленага сэтара* ў лясах Ольсбю. Борд Бордсан ляжаў на смяротным ложы i абавязкова жадаў перад смерцю пагаварыць з самiм пастарам. Пастар быў чалавек пажылы i, пачуўшы, што трэба наведацца да хворага, якi жыў за многа мiль ад Бру ў непраходным гушчары, вырашыў - няхай замест яго паедзе пастар-ад'юнкт**. Але дачка памiраючага, якая прынесла пастару гэту вестку, адмовiлася наадрэз. Няхай едзе сам пастар, цi ўвогуле нiкога не трэба. Бацька, маўляў, кланяўся i загадваў перадаць: яму патрэбна расказаць нешта, аб чым можна ведаць толькi пастару, а больш нiкому на свеце.

* Сэтар - невялiкае паселiшча тыпу хутара на аддаленых ад жылля лясных пашах.

** Пастар-ад'юнкт - другi святар, якога прызначалi ў дапамогу пастару ў некаторых прыходах.

Пачуўшы гэта, пастар пакапаўся ў сваёй памяцi. Борд Бордсан быў добры чалавек. Праўда, крыху праставаты, але не з-за гэтага ж яму трывожыцца на смяротным ложы. Ну, а калi разважыць па-чалавечы, то святар сказаў бы, што Борд Бордсан быў адным з тых, хто пакрыўджаны богам. Апошнiя сем гадоў селянiна даймалi розныя беды i няшчасцi.



16 из 89