Сядзiба згарэла, а жывёла або падохла ад павальнага мору, або яе задралi дзiкiя звяры. Мароз спустошыў раллю, так што Борд збяднеў, як Iоў. Пад канец жонка яго прыйшла ў такую роспач ад усiх гэтых бядот, што кiнулася ў возера. А сам Борд перабраўся ў пастухову хацiну ў глухiм лесе; гэта было адзiнае, чым ён яшчэ валодаў. З таго часу нi сам ён, нi дзецi яго не хадзiлi ў царкву. Аб гэтым неадночы гаварылi ў пастарскiм маёнтку, не разумеючы, цi жывуць яшчэ Бордсаны ў iх прыходзе, цi не.

- Наколькi я ведаю твайго бацьку, ён не рабiў такога цяжкага граху, у якiм не мог бы пакаяцца ад'юнкту, - сказаў пастар, гледзячы з добразычлiвай усмешкай на дачку Борда Бордсана.

Для сваiх чатырнаццацi гадоў яна была не па ўзросту рослая i моцная дзяўчынка. Твар у яе быў шырокi, рысы твару грубыя. Выгляд - крышачку праставаты, як у бацькi, але выраз дзiцячай бязвiннасцi i шчырасцi прыхарошваў яе твар.

- А вы, высокапаважаны пан пастар, пэўна, не баiцеся Бенгта-асiлка? Не з-за яго ж вы не адважваецеся паехаць да нас? - запыталася дзяўчынка.

- Што такое ты кажаш, дзетка? - здзiвiўся пастар. - Што гэта за Бенгг-асiлак, аб якiм ты гаворыш?

- А той самы, хто робiць так, што ўсё ў нас не ладзiцца.

- Вось як, - працягнуў пастар, - вось як. Значыць, гэта той, каго завуць Бенгтам-асiлкам?

- А хiба вы, высокапаважаны пан пастар, не ведаеце, што гэта ён падпалiў Меламстугу?

- Не, аб гэтым мне чуць не даводзiлася, - адказаў пастар, але адразу ж узняўся з месца i ўзяў свой трэбнiк i невялiкi пацiр, якiя заўсёды вазiў з сабой, калi ездзiў па прыходзе.

- Гэта ён загнаў матулю ў возера, - працягвала дзяўчынка.

- Горшай бяды быць не можа! - усклiкнуў пастар. - А ён жывы яшчэ, гэты Бенгт-асiлак? Ты бачыла яго?

- Не, бачыць я яго не бачыла, - адказала яна, - але ён, вядома, жывы. Гэта з-за яго нам давялося перабрацца ў лес i жыць сярод дзiкiх скал. Там ён пакiнуў нас у спакоi да мiнулага тыдня, калi татка секануў сябе па назе.



17 из 89