
Спевамi, плачам i смехам я слаўлю Бога, майго Бога. А якi ты нясеш дарунак?"
Пачуўшы гэтыя словы, Заратустра пакланiўся святому i сказаў: "Што я мог бы вам даць! Лепей дазвольце мне хутчэй сысцi адгэтуль, каб я нiчога не ўзяў у вас!" I так яны развiталiся, старац i мужчына, уподсмех, як дзецi малыя.
А калi Заратустра застаўся адзiн, ён сказаў свайму сэрцу: "Цi магчыма такое? Гэты святы старац у лесе яшчэ не чуў, што Бог памёр!"
3
Калi Заратустра прыйшоў у блiжэйшы горад за лесам, ён убачыў натоўп, людовiшча на рыначным пляцы, бо было абяцана - пабачыце танцора на вяроўцы. I Заратустра сказаў люду такiя словы:
"Я дам вам навуку пра Звышчалавека. Чалавек - гэта нешта, што трэба адолець. Што зрабiлi вы, каб адолець яго?
Да сённяга ўсе iстоты стваралi нешта вышэйшае за самiх сябе; а вы хочаце зрабiцца адлiвам гэтай вялiкай хвалi i лепш вярнуцца да звяроў, чым адолець чалавека?
Што такое ў чалавеку малпа? Пасмешышча альбо пакутлiвы сорам. I тое самае павiнен быць чалавек у Звышчалавеку - пасмешышча альбо пакутлiвы сорам.
Вы прайшлi шлях ад чарвяка да чалавека, але шмат чаго ў вас яшчэ - ад чарвяка. Калiсьцi вы былi малпы, i нават цяпер у чалавеку больш малпы, больш чым нават у каторай малпы.
Нават сама мудры спамiж вас - гэта нейкая двухсэнсiца i двухполасць, нешта памiж раслiнаю i прывiдам. Але ж хiба я загадваю вам стаць прывiдам альбо раслiнаю?
Бачыце, я вучу вас пра Звышчалавека!
Звышчалавек - гэта сэнс зямлi. Няхай жа i воля вашая скажа: хай Звышчалавек будзе сэнсам зямлi!
Заклiнаю вас, братове мае, заставайцеся верныя зямлi i не верце таму, хто скажа вам пра надзямныя надзеi! Яны - атрутнiкi; няважна, цi ведаюць яны самi пра гэта.
Яны пагарджаюць жыццём; гэта тыя, што мруць i трацяць самыя сябе, ад якiх стамiлася зямля: хай яны прападуць!
Раней сама вялiкае блюзнерства было - зневажанне Бога, але Бог памёр, i блюзнерствы памерлi з iм разам. А сёння сама жудаснае злачынства - зневажаць зямлю i ўшаноўваць неспасцiгальнае вышэй за сэнс зямлi!
