Калiсьцi душа з пагардай глядзела на цела; i тады чымсьцi найвышэйшым лiчылася гэтая пагарда. Душа прагнула бачыць зблажэлае цела, агiднае i галоднае, - так спадзявалася яна выбавiцца ад яго i ад зямлi.

О, тая душа сама была худая, агiдная i галодная: жорсткасць была ў сама высокай асалодзе гэтай душы.

Але скажыце мне, братове мае, што кажа ваша цела пра вашу душу? Цi не ёсць душа ваша ўбоства, i бруд, i жалю вартая задаволенасць?

Сапраўды, чалавек - гэта брудны паток. Трэба быць морам, каб увабраць брудны паток у сябе i не занячысцiцца.

Бачыце - я вучу вас пра Звышчалавека: ён - гэта мора, дзе можа захлынуцца ўся ваша вялiкая погардзь.

Што ёсць сама высокае, якое вы можаце перажыць? Гэта - часiна вялiкай пагарды: часiна, калi вашае шчасце робiцца вам такой самай гiдотай, як ваш розум i цнота.

Часiна, калi вы кажаце: "Што ёсць маё шчасце? Яно - убоства, i бруд, i жалю вартая самазадаволенасць. А маё шчасце павiнна быць такое, каб апраўдвала i самое жыццё!"

Часiна, калi вы кажаце: "Што ёсць мой розум? Цi дамагаецца ён ведаў, як леў сваёй ежы? Мой розум - убоства, i бруд, i жалю вартая самазадаволенасць!

Часiна, калi вы кажаце: "Што ёсць мая цнота? Яна яшчэ не змусiла мяне шалець. Як я стамiўся ад свайго зла i дабра! Усё гэта - убоства, i бруд, i жалю вартая самазадаволенасць!"

Часiна, калi вы кажаце: "Што ёсць справядлiвасць мая? Не бачу, каб быў я жар i вуголле. А справядлiвы - жар i вуголле!"

Часiна, калi вы кажаце: "Што ёсць мiлажальнасць мая? Хiба мiлажальнасць не крыж, да якога прыбiваюць таго, хто любiць людзей? Але мая мiлажальнасць - не ў крыжаваннi!"

Цi ж не вы казалi так? Цi ж не вы крычалi так? О, калi б я чуў, як крычалi вы так!

Не вашы грахi - ваша задаволенасць енчыць да неба, ваша скнарнасць у грэху вашым енчыць да неба!



4 из 247