Я люблю таго, чыя душа раскiдае сябе, хто не хоча падзякi i сам не дзякуе: бо ён заўсёды дорыць i не хоча ацалiць сябе.

Я люблю таго, хто саромеецца, калi шчасцiць яму ў гульнi, i хто пытаецца ў сябе: няўжо я няшчасны гулец? - бо ён прагне страцiць усё.

Я люблю таго, хто кiдае залатыя словы наперадзе ўчынкаў сваiх i заўсёды робiць больш, чым абяцае: бо ён хоча захаду сабе.

Я люблю таго, хто апраўдвае будучыя пакаленнi, а мiнулым дае збавенне, бо ён хоча пагiбелi ад сённяшнiх.

Я люблю таго, хто карае Бога свайго, бо ён свайго Бога любiць: бо ён мае загiнуць ад гневу Бога свайго.

Я люблю таго, чыя душа глыбокая нават у сваiх пошасцях; хто можа загiнуць ад малога выпрабавання: самохаць iдзе ён па мосце.

Я люблю таго, чыя душа перапоўнена так, што ён забывае сябе i ўбiрае ў сябе ўсе рэчы: так усе рэчы нясуць яму захад.

Я люблю таго, хто свабодны духам i свабодны сэрцам; таго, чыя галава толькi часцiнка ягонага сэрца, - а сэрца вядзе яго да захаду.

Я люблю ўсiх, падобных да цяжкiх кропляў, што падаюць адна за адной з чорнай хмары, якая навiсла над чалавецтвам: яны запабягаюць блiзкасць блiску маланкi i гiнуць, як вешчуны.

Бачыце, я - вяшчун маланкi, я - цяжкая кропля з хмары; а завуць тую маланку - Звышчалавек..."

5

Сказаўшы гэтыя словы, Заратустра зноў паглядзеў на натоўп i змоўк. "Вось стаяць яны i смяюцца, - казаў ён свайму сэрцу, - не разумеюць мяне: не на iхнiя вушы казань мая.

Няўжо спачатку трэба iм аглушыць вушы, каб яны навучылiся слухаць вачыма? Няўжо трэба грымець, як лiтаўры, i трашчаць, як прапаведнiкi каяння? Цi, можа, яны вераць толькi заiкам?

У iх ёсць нешта, чым яны ганарацца. Як жа яны называюць тое, чым ганарацца? Называюць "адукацыяй", яна нiбыта адрознiвае iх ад пастухоў.

Таму яны i не любяць прымаць на сябе слова "пагарда". Што ж, я звярнуся да iх гонару.

Я хачу сказаць iм пра сама пагарднае, а яно - гэта апошнi чалавек".



6 из 247