Дзе ж тая маланка, каб лiзнула вас сваiмi языком? Дзе той шал, якiм вы прышчэплены мусiце быць?

Бачыце, я вучу вас пра Звышчалавека: ён - тая маланка, ён - гэты шал!"

Калi Заратустра сказаў сваю казань, нехта крыкнуў з натоўпу: "Досыць мы ўжо наслухалiся пра танцора на вяроўцы; дай нам пабачыць яго!" I вось людства смяялася з Заратустры. А скакун на вяроўцы, думаючы, што запрашаюць яго, пачаў свае штукi.

4

Заратустра глядзеў на людзей i дзiву даваўся. Пасля ён сказаў так:

"Чалавек - гэта вяроўка, напятая памiж жывёламi i Звышчалавекам, вяроўка над прорваю.

Небяспечна iсцi, небяспечна станавiцца на пераходзе, небяспечна азiрацца, небяспечна баяцца i спыняцца.

Велiчнае ў чалавеку тое, што ён мост, а не мэта: што вартае ў чалавеку любовi, дык гэта тое, што ён - пераход i захад.

Я люблю таго, хто не ўмее жыць iнакш, як у iмя свайго захаду, бо ён на пераходзе.

Я люблю таго, хто мае ў сабе вялiкую пагарду, бо ён - вялiкi шанавальнiк i страла палымянасцi, што тужыць па тым беразе.

Я люблю не таго, хто шукае за зоркамi прычыны загiнуць i стаць ахвярай, а таго, хто ахвяруе сабою зямлi, каб калi-небудзь яна зноў зрабiлася зямлёй Звышчалавека.

Я люблю таго, хто спазнае i спазнаваць хоча, каб калi-небудзь жыў Звышчалавек. Бо такога ён хоча захаду сабе.

Я люблю таго, хто працуе i вынаходзiць, каб пабудаваць жытло Звышчалавеку i падрыхтаваць яму зямлю, жывёл i раслiны: бо такога ён хоча захаду сабе.

Я люблю таго, хто любiць цноту сваю: бо цнота - гэта воля да захаду i страла палымянасцi.

Я люблю таго, хто не пакiдае сабе анiводнай кроплi духу, а прагне быць цалкам духам сваёй цноты: так, нiбы дух, праходзiць ён па мосце.

Я люблю таго, хто з цноты сваёй робiць вабу i лёс: толькi дзеля сваёй цноты ён яшчэ хоча жыць i болей не жыць.

Я люблю таго, хто не хоча мець лiшне шмат цнотаў. Адна цнота - больш за дзве, бо яна той вузел, на якiм трымаецца лёс.



5 из 247