Пасля таго як старанна абшукалi ўсе куткi i нiчога больш не знайшлi, усе пайшлi ўнiз у брукаваны дворык за домам, дзе ўбачылi труп старэйшай жанчыны рана на шыi была настолькi глыбокая, што калi паспрабавалi труп падняць, адразу адвалiлася галава. I цела, i галава страшэнна знявечаныя, асаблiва цела, якое было ўжо амаль не падобна на чалавечае.

Як нам вядома, для разгадкi гэтай жудаснай гiсторыi не знойдзена пакуль што нiводнага ключа".

На другi дзень газета паведамiла новыя падрабязнасцi:

"Трагедыя на вулiцы Морг. У сувязi з гэтай неверагоднай i жудаснай аферай (слова афёра не набыло ў Францыi такога фрывольнага сэнсу) дапытаны многiя асобы, але так нiчога i не высветлiлася.

Нiжэй даюцца найбольш iстотныя сведчаннi:

Палiн Дзюбур, прачка, сведчыць, што ведала нябожчыц апошнiя тры гады, прала iх бялiзну. Старая панi з дачкой жылi, вiдаць, дружна, любiлi адна адну. Плацiлi вельмi добра. Наконт таго, за што яны жылi, на якiя сродкi, нiчога сказаць не можа. Лiчаць, што мадам Л'Эспанэ зарабляла на жыццё варажбой. Гаварылi, што грошы ў яе былi. Сведка нiкога чужога ў доме не сустракала - i калi прыходзiла па бялiзну, i калi вяртала яе. Ведае дакладна, прыслугу яны не трымалi. Як ёй вядома, мэбля была толькi на пятым паверсе.

П'ер Маро, уладальнiк крамы па продажы тытуню, сведчыць, што на працягу чатырох гадоў прадаваў мадам Л'Эспанэ тытунь i табаку невялiкiмi порцыямi. Ён нарадзiўся i ўсё жыццё жыў у гэтым квартале. Нябожчыца з дачкой займалi дом, дзе былi знойдзены iх трупы, на працягу больш чым шасцi гадоў. Раней там жыў ювелiр, якi здаваў пакоi на верхнiх паверхах унаймы розным асобам. Дом належаў мадам Л'Эспанэ. Ёй не спадабалася, як кватарант адносiцца да яе маёмасцi, i таму сама пераехала ў дом i адмаўляла ўсiм, хто хацеў зняць той цi iншы пакой. Старая панi здзяцiнела. На працягу ўсiх гэтых год сведка бачыў дачку разоў пяць-шэсць. Абедзве жанчыны жылi надзвычайна адасоблена i, паводле чутак, былi пры грашах. Чуў, суседзi гаварылi, што мадам Л'Эспанэ займалася варажбой - але ён гэтаму не верыў. Нiколi не бачыў, каб хто-небудзь заходзiў у дом, акрамя самой гаспадынi i дачкi, разы два быў прыбiральшчык, восем-дзесяць вiзiтаў зрабiў доктар.



11 из 37