Прыкладна тое самае засведчылi i iншыя асобы, якiя жывуць па суседству. Яны не маглi назваць нiкога, хто б часта наведваўся ў дом. Невядома, цi былi ў нябожчыц сувязi са знешнiм светам. Аканiцы на фасадзе адчынялiся рэдка, а тыя, што са двара, былi зачынены заўсёды, за выключэннем аднаго вялiкага пакоя на пятым паверсе. Будынак моцны - не вельмi стары.

Iзiдор Мюзэ, жандар, сведчыць, што яго выклiкалi каля трох гадзiн ночы. Калi падышоў да дома, убачыў ля ўваходных дзвярэй чалавек дваццаць-трыццаць, якiя спрабавалi зайсцi ўсярэдзiну. Праз некаторы час ён узламаў дзверы, штыком, а не ломам. Зрабiць гэта было не цяжка, бо дзверы двухстворкавыя i не замкнёныя на засаўку нi зверху, нi знiзу. Крыкi чулiся ўвесь час, пакуль адчынялi дзверы - а потым раптам сцiхлi. Вiдаць, крычалi (цяжка сказаць, адзiн чалавек або некалькi) у перадсмяротнай агонii - моцна i працягла, а не адрывiста. Наверх сведка падымаўся ў лiку першых. Апынуўшыся на першай лесвiчнай пляцоўцы, ён пачуў, як двое гучна i са злосцю сварацца - адзiн хрыплым, а другi - больш пранiзлiвым, вельмi дзiўным голасам. Змог разабраць некалькi слоў, што сказаў першы. Ён быў француз. Можна сказаць дакладна, што не жанчына. Змог разабраць словы "Sacre" i "diable"*.

* "Лiха на яго" i "д'ябал" (франц.).

Пранiзлiвым голасам гаварыў чужаземец. Не мог разабраць, быў гэта мужчынскi цi жаночы голас. Што гаварылi - не зразумеў, але лiчыць, што мова была гiшпанская. Выгляд пакоя i трупаў, згодна з апiсаннем сведкi, не адрознiваецца ад апiсання, дадзенага ва ўчарашняй газеце.

Анры Дзюваль, сусед, па прафесii срэбранiк, сведчыць, што ў лiку першых зайшоў у дом. Увогуле пацвярджае тое, што паведамiў Мюзэ. Як толькi яны зайшлi ў пад'езд, адразу ж зачынiлi за сабой дзверы, каб стрымаць натоўп, якi назбiраўся вельмi хутка, нягледзячы на познi час.



12 из 37