
Адэнгеймер, рэстаратар. Сведка сам пажадаў даць паказаннi. Так як ён французскай мовай не валодае, допыт вёўся праз перакладчыка. Ураджэнец Амстэрдама. Праходзiў каля дома, калi адтуль пачулiся крыкi. Крычалi на працягу некалькiх хвiлiн, вiдаць, дзесяцi. Крыкi былi доўгiя i моцныя жудасныя i невыносныя. Быў сярод тых, хто зайшоў у дом. Згодны з ранейшымi сведчаннямi па ўсiх пунктах, акрамя аднаго. Упэўнены, што пранiзлiвы голас належаў мужчыне, да таго ж французу. Слоў не разабраў. Гаварылi вельмi гучна i хутка - з перапынкамi, вiдаць, са страхам i злосцю. Голас быў рэзкi, хутчэй рэзкi, чым пранiзлiвы. Не, пранiзлiвым яго не назваў бы. Хрыплы голас увесь час паўтараў "Sacre" i "diable" i адзiн раз сказаў "mon Dieu"*.
* "Божа мой" (франц.).
Жуль Мiньё, банкiр, фiрма "Мiньё i сыны", вулiца Дэларэн. Ён Мiньё-старэйшы. Мадам Л'Эспанэ валодала сякой-такой маёмасцю. Яна адкрыла ў iх рахунак вясной 18.. года, восем год назад. Часта рабiла ўклады - невялiкiмi сумамi. Чэкi нiколi не выпiсвала, але за тры днi да смерцi асабiста ўзяла з рахунку чатыры тысячы франкаў. Грошы выплацiлi золатам, i iх даставiў на дом служачы банка.
Адольф Лё Бон, служачы банка "Мiньё i сыны", сведчыць, што ў той дзень, пра якi iдзе размова, каля палудня, праводзiў мадам Л'Эспанэ да самага дома i аднёс чатыры тысячы франкаў, якiя былi раскладзены ў два мяшэчкi. Адчынiўшы дзверы, мадэмуазель Л'Эспанэ ўзяла з ягоных рук адзiн мяшэчак, а старая панi другi. Сведка развiтаўся i пайшоў. Нiкога на вулiцы ён тады не заўважыў. Вулiца - бакавая, вельмi цiхая.
