Аляксандр Эцьен, хiрург, быў выклiканы разам з месье Дзюма, каб агледзець трупы. Далучаецца да сведчання i думак калегi.

Больш нiчога iстотнага высветлена не было, хоць дапыталi яшчэ некалькi чалавек. У Парыжы нiколi раней не чулi пра забойства, здзейсненае ў такiх загадкавых i заблытаных абставiнах, калi гэта на самай справе забойства. Палiцыя ў поўнай разгубленасцi - незвычайная з'ява ў такiх справах. Няма нават намёку на магчымую разгадку".

У вячэрнiм выпуску газеты паведамлялася, што ў квартале Сен-Рош па-ранейшаму пануе страшэнны перапалох i што згаданы дом зноў старанна абшукалi i яшчэ раз дапыталi сведак, але ўсё аказалася дарэмна. Дадаткова паведамлялася, што арыштавалi i пасадзiлi за краты Адольфа Лё Бона, хоць, здавалася, нiякiх новых фактаў у дачыненнi да яго, апрача тых, што паведамлялiся, устаноўлена не было.

Дзюпэн, здавалася, вельмi цiкавiўся ходам следства - зрэшты, я меркаваў так па яго паводзiнах, бо нiякiх заўваг з яго боку не чуў. I толькi калi з'явiлася вестка аб арышце Лё Бона, ён пацiкавiўся маёй думкай наконт забойства.

Я мог толькi пагадзiцца з усiм Парыжам, што гэту таямнiцу разгадаць нельга. Я не бачыў нiякiх шляхоў, якiя б маглi вывесцi на след забойцы.

- Мы не павiнны меркаваць аб магчымых шляхах на падставе такога павярхоўнага вышуку, - заўважыў Дзюпэн. - Парыжская палiцыя, якую так хваляць за пранiклiвасць, на самай справе толькi хiтрая - i не больш таго. У яе дзеяннях няма сiстэмы, агенты жывуць адным момантам. Займаюцца дэманстрацыяй шматлiкiх прыёмаў, але нярэдка гэтыя прыёмы настолькi не адпавядаюць аб'ектам вышуку, што на думку прыходзяць словы месье Журдэна, якi загадваў прынесцi robe-de-chambre - pour mieux entendre la musique*.



16 из 37