
* Халат - каб лепш чуць музыку (франц.).
Вынiкi iх дзейнасцi нярэдка сапраўды ўражваюць, але дасягаюцца яны ў большасцi выпадкаў стараннасцю i энергiчнасцю. Калi гэтыя якасцi адсутнiчаюць, iх задумы аказваюцца марнымi. Вiдок, напрыклад, вельмi здагадлiвы i ўпарты чалавек. Але калi яму бракуе iнтэлекту, дык ён увесь час блытаецца, робячыся ахвярай сваёй мiтуслiвасцi. Бачанне аб'екта скажаецца, бо ён трымае яго занадта блiзка ад вачэй. Ён, бадай, здольны бачыць адну-дзве дэталi выразна, але адначасова ўвесь аб'ект вывучэння абавязкова аказваецца па-за межамi зроку. Такiм чынам, iснуе такая з'ява, як залiшняе паглыбленне. Праўда - не заўсёды на дне глыбокага калодзежа. Акрамя таго, што датычыцца найбольш важных ведаў, дык яны, я ўпэўнены, непазбежна ляжаць на паверхнi. Глыбiня - у тых безданях, дзе мы шукаем гэтыя веды, а не на горных вышынях, дзе iх знаходзiм. Характар i каранi вось такiх памылак можна вызначыць шляхам назiрання за нябеснымi целамi. Калi глядзець на зорку па-рознаму - зiрнуць на яе скоса, паступова павярнуць да яе знешнюю частку сятчаткi (больш адчувальную да ледзь прыкметных водблiскаў святла, чым яе ўнутраны бок), убачыць зорку выразна, можна выбраць найлепшы шлях да ўяўлення аб яе бляску - бляску, якi робiцца ўсё больш цьмяным, чым шырэй наш позiрк ахоплiвае зорку. У апошнiм выпадку ў вока трапляе фактычна больш промняў, але ў першым - больш вострая ўспрымальнасць. У вынiку беспадстаўнай заглыбленасцi думкi збiваюцца i паслабляюцца, так i Венера можа растаць на нябесным купале, калi ўзiрацца ў яе занадта ўпарта альбо занадта засяроджана.
Што ж датычыцца гэтых забойстваў, давай зробiм самастойныя вышукi, перад тым як выказаць пра iх сваю думку. Расследаванне пазабавiць нас. - (Я падумаў, што слова пазабавiць - недарэчнае ў дадзеным выпадку, але змоўчаў.) - Акрамя таго, Лё Бон аднойчы зрабiў мне паслугу, за якую я не магу не быць яму ўдзячным. Пойдзем i агледзiм будынак самi. Я знаёмы з Ж., прэфектам палiцыi, таму мы без цяжкасцi атрымаем неабходны дазвол.
