Здольнасць да аналiзу не трэба блытаць з простай вынаходлiвасцю, бо калi аналiтык - абавязкова чалавек вынаходлiвы, то чалавек проста вынаходлiвы часта аказваецца надзiва не здатны да аналiзу. Здольнасць да лагiчнага пабудавання цi злучэння, якую звычайна лiчаць прыкметай вынаходлiвасцi i для якой фрэнолагi вызначылi спецыяльны орган (памылкова, на мой погляд), лiчачы гэтую здольнасць першаснай, настолькi часта назiралася ў людзей з iнтэлектам, блiзкiм да iдыятызму, i гэта неаднойчы заўважалася лiтаратарамi, што пiшуць на тэмы маралi. Памiж вынаходлiвасцю i здольнасцю да аналiзу iснуе куды большая рознiца, чым памiж здольнасцямi да фантазiй i ўяўленняў, але па сваiм характары рознiца абсалютна тая ж. Сапраўды, нельга не заўважыць, што вынаходлiвыя людзi заўсёды схiльныя да фантазii, але толькi тыя, якiя на самай справе здольныя да ўяўлення, непазбежна аказваюцца аналiтыкамi.

Далейшы расказ прапануецца чытачу нейкiм чынам як прыклад да выказаных вышэй меркаванняў.

Жывучы ў Парыжы на працягу вясны i часткi лета 18.. года, я пазнаёмiўся з нейкiм месье С. Агюстам Дзюпэнам. Быў ён зусiм яшчэ малады, паходзiў з шляхетнага, сапраўды знакамiтага роду, але ў вынiку самых розных неспрыяльных падзей апынуўся ў такой галечы, што страцiў прыродную энергiю, нi да чога ў гэтым свеце не iмкнуўся i нават не спрабаваў вярнуць былое багацце. З ласкi крэдытораў у яго засталася невялiчкая частка радавой спадчыны, на прыбыткi ад якой ён здолеў дзякуючы вялiкай ашчаднасцi забяспечваць сябе самым неабходным для жыцця, не звяртаючы ўвагi на нешта iншае. Кнiгi - гэта адзiная раскоша, якую ён сабе дазволiў, а ў Парыжы яна даволi дасягальная.



4 из 37