
Упершыню мы сустрэлiся ў непрыкметнай бiблiятэцы на вулiцы Манмартр, дзе дзякуючы выпадку - мы абодва шукалi адну i тую ж кнiгу, вельмi рэдкае i адметнае выданне, - выявiлася агульнасць нашых iнтарэсаў. Потым мы сустракалiся зноў i зноў. Мяне глыбока зацiкавiў кароткi, але грунтоўны экскурс у гiсторыю яго роду, якi ён зрабiў з усёй шчырасцю, на якую здольны француз, калi гаворка заходзiць пра сваю асобу.
Мяне ўразiла яго начытанасць, але больш за ўсё нястрымная палкасць i свежасць уяўлення. Шукаючы ў Парыжы тое, што моцна вабiла мяне ў той час, я разумеў, што кампанiя гэтага чалавека ўяўляе для мяне неацэнную каштоўнасць, i адкрыта сказаў яму пра гэта. Урэшце было вырашана, што на той час, пакуль я буду ў Парыжы, мы будзем жыць разам, i так як мае жыццёвыя абставiны былi ў нейкай ступенi не такiя цяжкiя, то я з яго згоды ўзяў на сябе выдаткi, звязаныя з наймам i абсталяваннем дома. Гэта быў асабняк у стылi адпаведным нашаму з iм характару рамантычнай меланхолii, пашкоджаны часам i своеасаблiвы па сваёй архiтэктуры, у зацiшным i адасобленым кутку Сен-Жэрменскага прадмесця. У iм ужо даўно не жылi гаспадары праз нейкiя там забабоны, якiмi мы не цiкавiлiся, i таму ён паступова прыходзiў у заняпад.
Калi б лад нашага жыцця стаў вядомы свету, нас бы абавязкова палiчылi вар'ятамi - хоць, вiдаць, i бясшкоднымi. Наша адасобленасць была поўная. Нiкога ў сваiм доме мы не прымалi. Месца нашага жыхарства старанна трымалася ў тайне ад маiх былых кампаньёнаў, а Дзюпэн ужо даўно не цiкавiўся Парыжам, ды i Парыж не ўспамiнаў пра яго. Мы iснавалi толькi для сябе.
Адно фантазiйнае дзiвацтва майго прыяцеля - бо як яшчэ гэта назваць? улюбёнасць у ноч, i я пакорна пагадзiўся з гэтым bizarrerie*, як i з усiмi астатнiмi, цалкам падпарадкаваўшыся яго няўпынным капрызам.
* Дзiвацтва (франц.).
Царыца-ноч не магла заставацца з намi ўвесь час, але мы навучылiся iмiтаваць яе прысутнасць. Ранiцай, з першым святлом, мы зачынялi тоўстыя аканiцы старога дома, запальвалi пару вельмi духмяных свечак, здатных толькi на цьмянае святло.
