
"Чаму сем, а, скажам, не семнаццаць?" - пытанне маё прагучала даволi недарэчна, але мне, разумееце, было неяк не да логiкi, хацелася высветлiць сваю перспектыву.
Доктар развёў рукамi...
"Гэтага i Томат Iванавiч не ведае, хоць i захапляўся прыхаванаю гармонiяй прыроды: вясёлка з сямi колераў, музыка з сямi нотаў, арганiзмы дзеляцца на сем груп - цi выпадкова гэта? Але справа не ў лiчбе. Томат Iванавiч адшукаў спосаб распазнання "груп сумяшчальнасцi". Ён упэўнены, што з завяршэннем яго работы перасадка ўнутраных органаў стане справай такой самай надзейнай, як i пералiванне крывi. I, ведаеце, я яму веру, iнакш не прапаноўваў бы вам у яго аперыравацца. Зрэшты, падумайце да ранiцы..."
Якая ў мяне была ноч, памаўчу. Ранiцай даў згоду. А што заставалася рабiць? Тут хоць нейкая перспектыва, а калi адмовiцца - нiякай, гэта я ўжо i без медыцыны адчуваў.
Пад вечар мой доктар прыйшоў з незнаёмым лекарам. Так, знешне нiчога асаблiвага: невысокага росту, сярэднiх гадоў, стрыманы, вочы вузкiя, карыя, разумныя, трымаецца цiха, словам, з тых iнтэлiгентаў, якiя i кошку на "вы" называюць...
"Хвалюецеся? Няварта, вы для нас як першы касманаўт, пабачыце, усё будзе добра..."
Размаўляў ён мякка, з ледзь прыкметным, даволi прыемным акцэнтам, i была ў яго словах такая ўпэўненасць, што i ў мяне на душы адразу палягчэла. Давер ён выклiкаў, не магу сказаць чым, але ў адказ на яго ўсмешку i я таксама ўсмiхаўся. Бывае ж такое: сустрэнеш каго-небудзь i з першых яго слоў зразумела - цудоўны чалавек, добры, надзейны. I нават дзiўныя яго потым манiпуляцыi анi не пахiснулi маю веру. Бо што ён зрабiў? Дастаў з партфеля шкляны, шчыльна закаркаваны сасуд, пiнцэтам выняў адтуль лапiк марлi, пацёр iм маю пятку, паклаў назад i зноў шчыльна заткнуў коркам. Усё! Загаварыў да майго доктара: "Што ж, будзем шукаць..." Той кiўнуў.
Пайшлi абодва. Ну, думаю, гэта толькi пачатак, галоўныя аналiзы i абследаваннi наперадзе.
