
Доктар як мог мяне супакоiў: "Аналiзы, кажаце? Яны ўсе ўжо зроблены. Памятаеце, той раз Томат Iванавiч марляй пацёр вам пятку? Больш яму нiчога не трэба. Чакайце".
Дзiва! Але ведаеце, ад гэтага дзiва мне, дарэчы, стала лягчэй. Не, што нi кажыце, а ў доктара i абаяльнасць павiнна быць, i нейкая таямнiчасць, загадкавасць. Крыху ён павiнен выглядаць цудатворцам, вось што скажу.
Аднак я не пра тое... Аднойчы ранiцай па мяне нарэшце прыйшлi. Адразу ў аперацыйны пакой. Томат Iванавiч кiўнуў мне, як даўняму знаёмаму, зноў праманiпуляваў з марляй, толькi на гэты раз пацёр пад пахамi i на жываце, дзе печань. Выйшаў, але хутка вярнуўся.
- Так, усё адпавядае. Пачынаем.
Зрабiлi аперацыю. Нiякага потым заглушэння iмунiтэту, нiякiх асаблiвых лекаў, а печань прыжылася як мiленькая. З тае пары вось ужо больш за дзесяць гадоў прайшло - анi-нi, нават думаць пра яе перастаў. Каму-небудзь з вас такi выпадак вядомы?
Хоць пытанне, здавалася, было адрасавана ўсiм, на мяне зiрнуў Пётр Мiкалаевiч.
- Ну, - сказаў я. - Ёсць звесткi, што ва ўсiм свеце на сённяшнi дзень перасаджана больш за трыццаць тысяч нырак, каля двухсот дваццацi сэрцаў i ста васьмiдзесяцi печаней. Праўда, пасля перасадкi сэрца - i то, калi ўсё прайшло паспяхова, - чалавек жыве чатыры-пяць гадоў, печанi - чатыры, з ныркамi лепш да дзесяцi гадоў дацягваюць.
- I гэта пры ўсiх хiтрыках медыцыны перад аперацыяй i, галоўнае, пасля! А ў мяне...
