
- Гэта значыць, вы хочаце сказаць, што сабака...
- Вось, вось! Я спецыяльна пачытаў сёе-тое з лiтаратуры. Насавыя клеткi ў чалавека могуць адрознiваць пяць тысяч пахаў, а ў нямецкай аўчаркi - дзвесце дваццаць пяць тысяч! Рознiца... Па паху слядоў сабакi ловяць злачынцаў, вынюхваюць наркотыкi; нават радовiшчы адшукваюць. Цi цяжка навучыць сабаку адрознiваць спектр пахаў, якi характэрны людзям фiзiялагiчна аднатыпным? Тады зразумела, чаму Томат Iванавiч так старанна аберагаў Басыргасаў нос, чаму яго вадзiў у палаты, чаму не карыстаўся нiякай асаблiваю апаратурай. Ды яшчэ адно становiцца зразумелым. Томат Iванавiч...
Голас Пятра Мiкалаевiча асекся. Нарэшце ёндаў сабе рады i загаварыў абрывiста, але спакойна.
- Томат Iванавiч загiнуў так. Распараджэнне ў раёне выйшла - лiквiдаваць усiх бадзяжных сабак. Можа, i патрэбная пастанова, шмат iх развялося, былi выпадкi шаленства. Але бадзяжных сабак палавiць няпроста. А план, некаму ж справаздачы трэба. I адзiн з такiх тыпаў, каму даручылi адлоў, застрэлiў Басыргаса, хоць сабака быў з ашыйнiкам, дый Томат Iванавiч стаяў паблiзу, ён гэтаму тыпу яшчэ i крычаў... Застрэлiлi. На вачах у Томата Iванавiча. Iнфаркт. Не выратавалi. Пачакайце... Трагедыя яшчэ ў тым, што Томат Iванавiч нi слова пра свае дасягненнi не надрукаваў. Вось яна, сцiпласць! Iншы на капейку зробiць, а трубiць на ўвесь свет. Ён жа... А, што казаць! "Рана, не пара яшчэ, паспеецца..." Паспелася. Засталiся ўдалыя аперацыi, запiсы чарнавыя, ды што з таго? Аперацыi ў сусветнай практыцы не новыя, сам падыход больш чым сумнiцельны, трэба яшчэ паглядзець, як што атрымаецца... Запiсы i зусiм... Аддаленымi вынiкамi аперацый, зразумела, нiхто не пацiкавiўся; той доктар, што мяне лячыў, таксама ў хуткiм часе памёр, начальства ў бальнiцы змянiлася, так усё i канула. Дзiва што, глуш, перыферыя, хiрург без ступенi, занятак яго знахарствам аддае... З такой настырнасцi нам бы сцены будаваць, трывалейшых не было б! Вось у што сцiпласць ператварылася.
