- I-i, малады чалавек! - падаў голас дзядок, якi ўвесь час маўчаў. - Я, наадварот, скажу, што фантастыка цяпер i ёсць рэальнасць. Для вас, не буду гаварыць ужо пра банальны тэлевiзар, нават касмiчныя палёты звычайныя. А я вось у вашых гадах, не кажучы ўжо пра палёты на iншыя планеты, пра кiшэнныя радыёпрыёмнiкi толькi ў фантастычных раманах чытаў. Вось як! Новае, сапраўды новае, яно i павiнна выглядаць неверагодным. Гэтаму i практыка гiсторыi вучыць, i Пятру Мiкалаевiчу я чым далей, тым больш веру, хоць да гэтай пары нiяк не ўцямлю, пры чым тут сцiпласць i чаму ён яе лiчыць злачынствам?

Я не знайшоў, чым бы мог запярэчыць. Водпаведзь дзядка мяне ўразiла. Самы малады з усiх, я стаў у iх вачах кансерватарам! Праўда... Гэта ж трэба! Спецыялiст называецца... Можа, якраз у гэтым i прычына? У тым, што я - малады спецыялiст, яшчэ назапашанага толкам не засвоiў i трымаюся за яго, як за плот, каб незнарок не паслiзнуцца?

- Не, - прамармытаў я. - Дапусцiць усё можна. Толькi... Няма iнструмента, якi ж гэта метад?

- А ў мяне ёсць адна здагадка! - падсунуўся да мяне Пётр Мiкалаевiч так, што пад грузам яго мажнога цела ў купэ штосьцi зарыпела. - У Томата Iванавiча была сiбiрская лайка, разумнiца такая, без перабольшання, сапраўдны яго сябар. Басыргасам звалi. Мiж iншым, калi Томат Iванавiч выводзiў сабаку гуляць, вiдавочна, наперакор нават iнструкцыям, браў яго з сабою ў палаты i кожны раз чамусьцi завязваў яму нос марляю з ватаю. Мы дык жартавалi: "Басыргас iдзе, дзверы зачынянце, а то нос прастудзiць!" Цi не дзiўна - так берагчы нюх сабакi i ў дадатак парушаць правiлы, якiх, трэба сказаць, ва ўсiм астатнiм Томат Iванавiч прытрымлiваўся цвёрда? Аднойчы я спытаўся ў яго пра гэта адкрыта. I ведаеце, што ён адказаў? "Белку i Стрэлку, якiх людзi раней за ўсiх у космас пасылалi, памятаеце? Заслуга Басыргасава большая"...



7 из 12