Вырываючыся, Лiнда паслiзнулася i выцягнулася на падлозе каля ног Джэкi. Той выскалiў зубы ў шалёнай радасцi ад перамогi. Ён узняў пешню, каб нанесцi апошнi ўдар. Лiнда закрычала, просячы лiтасцi i называючы яго iмя.

Але ў гэтым крыку пачулася не iмя Джэкi. Гэта было маё iмя.

- Доктар Конавер! - крычала яна. - Богам прашу, не забiвайце мяне!

Раптам востры боль зноў абцугамi ахапiў маю галаву: вось я ўжо не назiральнiк спробы забойства. А той, хто робiць гэтую спробу. Я з жахам зiрнуў на пешню, што трымаў у руцэ, на Лiнду, што скурчылася каля ног. Не Джэкi Н'юмана, а доктара Джона Кермiта Конавера. Джэкi - гэта быў я.

Не дзiўна, што я быў цалкам захоплены яго "захворваннем", бо гэта была мая хвароба. Лiнда, выкрыкнуўшы маё iмя, прарвалася праз ланцугi, што сцiскалi маю волю, i я змог убачыць жахлiвы твар асобы, якую я прыдумаў, "новага чалавека", якiм я iмкнуўся быць.

Джэкi ўяўляў сабой усё тое, чым я нiколi не быў. Цяпер я мог азiрнуцца на сваё пустое жыццё: памылковая ранняя жанiцьба яшчэ ў каледжы, сем гадоў вучобы на медыка пад пугай амбiцый Хэлен. Нават Джэкi, гэтае амаральнае, прыдуманае мною, сваё ўвасабленне, не хацеў гаварыць пра тыя сем год. "Ён" не баяўся праўды. Я ненавiдзеў Хэлен. Я рады, што яна памерла. Але памерла яна занадта позна, каб я мог памяняць сваё жыццё i цешыцца новай воляй.

Стоячы на тым самым месцы, калоцячыся ад болю адкрыцця, я не заўважыў, як Лiнда выскраблася за дзверы. Яна хутка вярнулася ў суправаджэннi шасцi мужчын з суседнiх кантор. Яны падыходзiлi да мяне асцярожна, але iм не было чаго баяцца. Я выпусцiў з рук пешню i стаў перад iмi на каленi.

А цяпер я сяджу тут, у дзiўным замкнёным пакоi, чакаючы дзесятага - цi, можа, сотага? - вiзiту трох мужчын, якiя будуць пытацца ў мяне наконт разрыву ў маёй асобе. Я ведаю ўсе словы, што яны скажуць. Iстэроiдная фантазiя... самаўнушэнне... працяглы эмацыянальны канфлiкт... Якая рознiца. Джэкi нiколi не вернецца. Як i я.

Пераклад: Уладзiмiр Шчасны



16 из 17