- Не, - адразу ж запярэчыў пацыент. Ён быў вельмi ўзрушаны. - Не, мы нi ў якiм разе не можам быць падобнымi.

Прынамсi, што датычыць знешнасцi, дык ён казаў праўду. Ён з яго спрытам i атлетызмам, увасабляў абаяльнасць маладосцi, прыгожы выгляд сведчыў аб здароўi i iмпэце, адразу было вiдаць, што на iм дарагое адзенне, ну, а я... што ж, мне пяцьдзесят тры, старамодны, цiхi i шэры, як сцены майго кабiнета.

- Што, калi мы пачнём з вашага прозвiшча? - прапанаваў я.

Ён зноў супакоiўся i пачаў паводзiць сябе фанабэрлiва.

- Што, калi Джэкi Н'юман? - адказаў ён з усмешкай.

Я не сумняваўся, што гэта прозвiшча фiктыўнае, i нiчога асаблiва дзiўнага тут не было.

- Называйце мяне Джэкi. Баюся, што нам давядзецца, яшчэ часта сустракацца.

- Добра, Джэкi. Можа, я здолею дапамагчы вам. Аднак...

- Слухайце, у вас там на сцяне ў рамачцы пазначана, што вы - псiхiятр. Вы вырашаеце чалавечыя праблемы, цi не так?

- Не зусiм так. Кожны павiнен сам вырашаць свае праблемы. Мой абавязак у тым, каб дапамагчы вам высветлiць i зразумець, у чым на самай справе ваша праблема. Потым вы забяспечваеце тэрапiю.

- Цiкавая рэч атрымлiваецца, - фыркнуў Джэкi. - Ганарар вам, а праца кладзецца на мае плечы.

- Вельмi важна, каб вы адносiлiся да гэтага менавiта так. У вас часта з'яўляецца пачуццё, што вас падманваюць. - Ён злосна глянуў у мой бок, але нiчога не сказаў у адказ. - Бачыце, як пабочны назiральнiк, я часта магу вызначыць, да чаго пацыент занадта эмацыяльна ставiцца, якiя ў яго схiльнасцi. Тады я магу дапамагчы.

Джэкi апусцiў галаву.

- Вы не зможаце мне дапамагчы, - прамармытаў ён. - Нiхто не зможа. Я ўжо ведаю, што са мной адбываецца.

- Ну, дык тады пагаворым пра гэта.

- Я баюся, - сказаў ён проста. Твар, з якога знiкла фанабэрыя, памякчэў i зрабiўся падобны на дзiцячы. - Калi мяне не спынiць, я ведаю, што зраблю штосьцi дрэннае.



2 из 17