- Што вы маеце на ўвазе - дрэннае?

- Вы ведаеце... - Ён сцiснуў правую далонь, нiбыта сцiскаючы нешта ў кулаку. - Штосьцi гвалтоўнае - зрабiць каму-небудзь балюча.

Я запэўнiў Джэкi, што схiльнасць да гвалтоўнасцi закладзена ва ўсiх нас. Лепш, калi пацыент не лiчыць сябе цалкам ненармальным.

- Што ж, вы калi-небудзь зрабiлi нешта гвалтоўнае, Джэкi?

- Не. Пакуль не. Але не так даўно - ну, я пачаў браць рэчы, красцi.

- Якiя рэчы?

Джэкi склаў рукi, нiбыта моцна прыцiскаючы нешта да грудзей.

- Ну, так, рэчы. - Ён не зводзiў вачэй з ручкi, якая тырчала з прыбора на стале. - Нiчога такога, што мне сапраўды патрэбна. Але я не магу ўтрымацца унутры мяне ўвесь час грызе пачуццё, якое вымушае браць рэчы - i штораз, то болей.

Я паспрабаваў правесцi далейшы зандаж, але беспаспяхова. Якiя пачуццi валодалi iм у час гэтага акта? Што ён адчуваў пасля? Я ведаў, што па ўкрадзеных рэчах можна меркаваць, што вымушала Джэкi рабiць такiя ўчынкi, але ён увесь час абыходзiў гэтую тэму.

- Мяне не турбуе праблема крадзяжу, - нарэшце выкрыкнуў ён раздражнёна. А зусiм iншае, пра што я гаварыў раней.

- Вы думаеце, што крадзеж - гэта прыступка да чагосьцi горшага, цi не так?

- Ну, мяне ўвесь час ахоплiваюць iмкненнi, здаецца, штосьцi кiпiць унутры. Быццам крадзеж рэчаў ужо не задавальняе. Быццам iснуе штосьцi такое, што я змагу зрабiць нават лепш.

- Можаце прывесцi прыклад?

Замест адказу ён абмежаваўся выразнай усмешкай. Не быў шчыры ён i наконт сваiх фантазiй, калi я паспрабаваў зайсцi з гэтага боку. Псiхiятрыя - адзiная галiна медыцыны, дзе пацыент хавае сiмптомы сваёй хваробы, хавае iх нават ад самога сябе. Але сам незвычайны факт, што Джэкi ўсё-такi прыйшоў да мяне, абнадзейваў, i таму я сказаў:

- Давайце падыдзем да ўсёй справы з другога боку. Раскажыце пра сябе.

Ён расказаў гiсторыю свайго жыцця нават з нейкiм гонарам. Жыццяпiс быў блытаны, канцы не сыходзiлiся з канцамi, i чым далей я слухаў, тым болей упэўнiваўся, што нават у час размовы ён працягваў выдумляць. Хоць цяпер, паводле яго слоў, ён застаўся адзiн на цэлым свеце, але паходзiў з багатай сям'i, што жыла на поўначы штата, атрымаў адзнакi ў час службы ў войску.



3 из 17