Жыць у "лагернай" краiне i не мець нiякага дачынення да лагернага вопыту, яго парадкаў, маралi нельга было. Кожны савецкi чалавек так цi iнакш звязаны з гэтым лагерным вопытам. Калi ты не сядзеў сам, то ўсё адно меў дачыненне да яго: нехта сядзеў з блiзкiх, знаёмых. Быт, лагерная псiхалогiя, лад жыцця перайшлi з лагера на "волю", заразiлi яе. Ён, гэты дух сталiнскага лагера, яшчэ i цяпер не выветрываецца са свядомасцi народа. Жорсткасць, права моцнага, падман, хлусня, несправядлiвасць - законы i мараль лагера яшчэ жывуць у грамадстве, маюць сiлу вялiкую.

У лагеры жыў у лепшых умовах не той зэк, хто быў значны на волi, хто валодаў вопытам высокай прафесii, хто разумны, адукаваны, а, як i задумана вярхоўным i яго хаўруснiкамi, розная крымiнальная нечысць, "сябры народа", якiх i ставiлi камандаваць i ўнiжаць людзей адукаваных i разумных, сумленных так званых ворагаў народа.

Колькi прыходзiлася бачыць такiх сцэн, калi былыя вядомыя вучоныя, пiсьменнiкi, военачальнiкi ўнiжалiся перад блатаром поварам, вымольваючы ў яго лiшнi чарпак баланды. Колькi iх корпалася ў кухонных памыйках, вышукваючы нешта ядомае. Не магу забыць, як былы нарком асветы адной сярэднеазiяцкай рэспублiкi збiраў бульбяныя ашкрэбкi i, каб не перахапiлi iншыя зэкi, таропка запiхваў iх у кiшэнi. Голад чалавека ўнiжаў.

Тыя, хто заганяў у лагеры мiльёны невiнаватых, мелi задачу не проста iзаляваць iх, але i вытравiць у iх усё чалавечае, маральнае: любоў, мiласэрнасць, дружбу, сумленне. Для гэтага i стваралiся такiя ўмовы нявольнiкам, каб узмацнiць у iх самыя нiзкiя iнстынкты. Калi маса галадае, чэзне ад холаду i непасiльнай працы, разута i раздзета, тады i пачынае знiкаць чалавечая мараль, а замест яе не любоў да блiжняга - такога ж пакутнiка, як сам, а варожасць, як да канкурэнта на лепшае месца на нарах, на лёгкую работу, большую пайку.

Вядомы пiсьменнiк Варлам Шаламаў, вязень сталiнскiх лагераў з семнаццацiгадовым стажам, лiчыць, што жыццё ў лагеры - гэта ганебны i адмоўны вопыт чалавека, i чалавек не павiнен нават чуць пра лагер. Нiводзiн чалавек не становiцца нi лепшым, нi мацнейшым пасля яго. Лагер, сцвярджае Шаламаў, адмоўная школа, адмоўны вопыт, разбэшчванне для ўсiх - як для зняволеных, так i для начальнiкаў, канваiраў, усёй лагернай абслугi. I нават для тых, хто проста назiраў за лагерным жыццём, быў сведкам збоку.



14 из 125