
- Там хлеб, - паказаў я на вiтрыну, - хлеб.
- Зойдзем, - сказаў мiлiцыянер.
Мы зайшлi. Ён купiў за свае грошы фармавую буханку i даў мне. Я адразу ж упiўся ў яе зубамi, i, пакуль дайшлi да турмы, ад буханкi застаўся невялiкi акрайчык.
Развiталiся мы па-сяброўску - поцiскам рукi.
"Вось жа, - думаў я пра яго з удзячнасцю, - ёсць добрыя людзi i сярод канваiраў".
Перапыняючы гэты аповяд, адзначу, што на добрых людзях трымаецца свет. Сустракалiся мне такiя людзi i ў лагеры, i пасля лагера. Былi яны ў судах, у тым жа НКУС. I калi б кожны, ад каго залежалi лёсы людзей, няхай сабе i ў тыя страшныя гады тэрору, стараўся рабiць як можна меншае зло, а не iмкнуўся выбiцца ў перадавiкi, вызначыцца актыўным "баявым штыком партыi" - так называлi сябе сталiнскiя карнiкi, - то цi было б столькi ахвяр?
У камеры яшчэ на парозе я паказаў чатыры пальцы i крыкнуў, што далi чатыры гады. Сусед па нарах пацiснуў мне руку, вiншуючы з "толькi чатырма гадамi". А драматург Курдзiн уздыхнуў: "Вось бы i мне так пашанцавала". Яму не пашанцавала, яго расстралялi.
Ну а потым быў доўгi, цяжкi этап праз усю Расею, Сiбiр аж да станцыi Ўсуры ў Бамлаг, дзе я апынуўся перад самай зiмою.
Пра лагер пiсаць цяжэй, чым пра турму, следства, суд. Пра яго ўжо расказана шмат, i ў кожнага зэка быў свой лагер, са сваiмi пакутамi i маленькiмi радасцямi. Гэтыя маленькiя радасцi i ратавалi чалавека ад самагубства.
Сталiн, стварыўшы такое пекла, як лагеры, меў мэту не толькi пакараць чалавека фiзiчна невыноснымi ўмовамi, але i пазбавiць уласцiвай чалавеку чалавечнасцi. Лагер, акрамя фiзiчных пакут, - яшчэ i пазбаўленне чалавечага "я". У сталiнскага зэка такая бяспраўнасць, ён так унiжаны, што яго становiшча можна параўнаць са становiшчам старажытных рабоў. Лагеры, якiя, як ракавыя пухлiны, усеялi ўсю краiну, наклалi цяжкi змрочны адбiтак i на ўвесь уклад жыцця ў СССР.
