Я стараўся быць справядлiвым суддзёй. Мяне лiчылi калегi мяккацелым, нават лiбералам, начальства крытыкавала за гэту мяккацеласць. У мяне былi адмененыя прыгаворы, але толькi з-за мяккасцi пакарання i не было нiводнага прыгавору, па якiм бы вышэйшая iнстанцыя знiзiла тэрмiн няволi асуджанаму.

Вялiкi расейскi юрыст i вучоны Анатоль Фёдаравiч Конi ў свой час, раздумваючы, якiя павiнны быць суддзi, аднойчы сцвердзiў наступнае: самым справядлiвым суддзёй быў бы той, якi на сваёй шкуры пазнаў, што такое няволя i якое неадольнае iмкненне ў вязня да волi. Добра было б, гаварыў Конi, кожнага кандыдата на пасаду суддзi патрымаць у няволi з арыштаванымi ну хоць з месяц.

Вядома, на практыцы такое не праводзiлася i не будзе праводзiцца. А я вось прайшоў такую практыку i ведаю, што значыць падлiчваць днi да вызвалення.

Калi я вяршыў суд, я гаварыў сабе: помнi аб няволi. Паўтараў, як некалi паўтаралi рымляне, - помнi аб смерцi. Так яно i павiнна быць.

Аднак агаваруся, лiбералам да тых, хто ўчынiў цяжкiя злачынствы, да розных блатароў-рэцыдывiстаў я не быў. Я iх узненавiдзеў яшчэ ў лагеры i турмах.

Згодна Канстытуцыi СССР нашы суддзi пры вырашэннi канкрэтных спраў з'яўляюцца незалежнымi i падначальваюцца толькi закону i свайму сумленню. Гэта, вядома, тэарэтычна. На практыцы ж было дагэтуль зусiм iншае. У сталiнскiя часы не iснавала права ў сапраўдным канстытуцыйным сэнсе. Толькi цяпер востра пастаўлена пытанне - зрабiць нашу дзяржаву прававой.

На спiнцы крэсла суддзi ёсць дзяржаўны герб - гэта як бы афiцыйны напамiнак, што суддзя дзейнiчае ад iмя дзяржавы i яму дадзены вялiкiя правы. Я засядаў пад гэтым гербам шмат гадоў i вяршыў правасуддзе толькi на дабро, таму маё сумленне чыстае.



19 из 125