З таго года, калi сялянскiя гаспадаркi былi разбураны, а "шчаслiвае" калгаснае жыццё кiнула сялян у паднявольную працу i голад, галадала i наша сям'я. На працаднi нiчога не давалi, дралi падатак з кожнай курыцы, яблынi i грашыма i натурай - мяса здай, малако здай, воўну здай, плацi i грашовы падатак. Ды яшчэ падпiшыся на пазыку. Бадай нiводны прыгонны не плацiў такi аброк свайму пану. Голад на Ўкраiне прыгнаў тысячы апухлых людзей у Беларусь шукаць паратунку. Колькi ж iх, няшчасных, памерла на дарогах, колькi безыменных магiл яны пакiнулi на зямлi!.. Такой злачыннай сiлы быў той славуты сталiнскi пералом, што i цяпер не ведаем, што рабiць, каб выкараскацца ад яго страшных вынiкаў...

Да рэвалюцыi маё роднае сяло Канiчы было вялiкiм, ажыўленым цэнтрам воласцi, а пасля i - сельсавета. У iм былi школа, маёнтак з броварам i млыном на рэчцы, царква i касцёл. Мелiся цагельня i печ для абпальвання вапны. Цяпер усяго гэтага няма. Iснуе саўгас з мiльённымi стратамi. Царкве i касцёлу знялi галовы, маёнтак, бровар, млын, вялiкi сад знiшчаны, i сяло гiбее. Зямля, адчужаная ад гаспадара, не можа даць столькi багацця, колькi давала да калгаса.

Добра вядома, як нас выхоўвалi, каго з нас рыхтавалi - актыўных "сталiнскiх штыкоў, адданых бацьку ўсiх народаў". Мы будавалi нiбыта шчаслiвае будучае - сацыялiзм, не ведаючы, што гэта такое. Нам загадвалi радавацца таму, што мы жывём у самай свабоднай краiне i мы - самыя шчаслiвыя, багатыя, культурныя. I мы верылi... Бяда наша якраз i была ў тым, што мы на працягу многiх гадоў верылi дзяржаўнай хлуснi. А чым больш верылi, тым нам больш хлусiлi. I не толькi пры Сталiне. "Я другой такой страны не знаю, где так вольно дышит человек..." - прымушалi спяваць нават зэкаў, ведучы iх на катаржныя работы.



2 из 125