
Я - дзiця часу - быў абалванены нашай фальшывай iдэалогiяй нароўнi з мiльёнамi iншых равеснiкаў. Я верыў, што жыву хоць i бедна, затое ў самай справядлiвай краiне.
З чацвёртага класа цi нават раней я пiсаў вершы, апавяданнi, п'есы. Слаў допiсы ў газеты, iх друкавалi, асаблiва часта ў "Пiянеры Беларусi". Па гэтай прычыне мяне выбiралi рэдактарам класнай насценнай газеты, якую я адзiн i выпускаў, запаўняючы яе сваiмi ж допiсамi i вершамi.
Здаецца, у шостым класе, а гэта было ўжо ў Бялынкавiчах, бо ў нашых Канiчах мелася толькi чатырохкласная школа, мяне таксама прызначылi рэдактарам класнай газеты. Я ўзяўся за яе выпуск з вялiкiм жаданнем i натхненнем. Як i заўсёды, сам напiсаў тэкст, зрабiў малюнкi. Паколькi класны кiраўнiк, настаўнiк Герасiмовiч, не сказаў, як назваць газету, назву прыдумаў я. Прыдумалася лёгка: раз мы будуем сацыялiзм, то хто мы? Сацыялiсты. Так я i назваў газету. Гатовы нумар газеты я павесiў у класе да пачатку заняткаў. Вучнi чыталi, смяялiся з карыкатур, хвалiлi вершы. Я думаў, што гэтак жа пахвалiць i настаўнiк Герасiмовiч, урок якога быў першы. Я помню яго чалавекам спакойным, акуратным, педантычным. Адзяваўся ён заўсёды ў галiфэ i гiмнасцёрку, пашытыя з нейкага шэрага матэрыялу, i хромавыя боты. Ваенны рэмень перахоплiваў яго гiмнасцёрку. Хадзiў ён павольна, асцярожна, як бы баяўся наступiць на нешта вострае. Я лiчыў, што ён проста бярог свае боты, таму i ступаў эканомна. Герасiмовiч зайшоў у клас, паклаў на стол класны журнал, канспекты i ўбачыў насценгазету. Я чакаў яго ўсмешкi, пахвалы, а ўбачыў перапалоханы твар. Амаль подбегам кiнуўся ён да газеты, сарваў яе, парваў на шматкi i кiнуў у сметнiцу.
- Хто табе даў такую назву газеты? - спытаў ён у мяне.
- Сам прыдумаў.
- А ты ведаеш, хто такiя сацыялiсты?
- Тыя, хто будуе сацыялiзм. Мы ўсе - сацыялiсты.
- Сацыялiсты - гэта здраднiкi рабочага класа, апартунiсты, ворагi Трэцяга Iнтэрнацыянала. Ты даў газеце варожую назву.
