Лёва, як нiхто ў камеры, быў упэўнены, што яго адразу ж, як толькi выклiчуць на допыт, вызваляць з турмы, бо нiякiх кепскiх спраў за сабою не знаходзiў: не краў, не хулiганiў, супраць начальства не iшоў, падаткi за дом, плату за электрычнасць акуратна ўносiў. Наiўна, канечне, думаў Лёва. Гэта ад слабасцi характару. I чым больш праходзiла часу, тым больш упэўнена ён гаварыў пра волю, чакаў яе, расказваў пра дзяцей, жонку, з якiмi хутка ўбачыцца. У дзяцей цяпер канiкулы, i яны працуюць на агародзе, памагаюць мацi. Дакараў жонку, што не шле яму пасылкi i не прывозiць перадачы.

- Я яе раменьчыкам, раменьчыкам за гэта, - абяцаў ён пасцябаць жонку. Яна што, буханку хлеба не можа прывезцi?

- Лёва, не кацi бочку на яе, - супакойваў яго шапачнiк. - Табе, як падследнаму, перадачы i пасылкi забаронены.

Ад акна Лёва стаў амаль не адыходзiць. У "наморднiку" зрабiлi ладныя шчылiны, i праз iх можна было нешта ўбачыць. Былi вiдаць дамы за турмой, дрэвы. Была вiдаць воля, якая i прыцягвала да сябе Лёву неадольна. На турэмным двары ляталi ластаўкi - птушкi вольныя, яны маглi ляцець, куды захочуць, для iх нi сцены турэмных двароў, нi вышкi з вартавымi, замкi нiчога не значылi. Захочуць i ў той жа Бабруйск, дзе Лёваў дом, жонка, дзецi, даляцяць. Ухапiўшыся рукамi за краты, ён падоўгу сачыў за ластаўкамi, якiя то падляталi сюды, вышэй акна, то адляталi. Вiдаць, пад акном у iх было злеплена гняздо.

Прыроджанае iмкненне чалавека да волi незнiшчальнае, яго можна заглушыць, але нельга зусiм знiшчыць. Лёва жыў толькi гэтай прагай волi, i яна, прага, абрынулася на яго тым валам нецярпення, калi чалавек ужо не можа нiчога iншага нi ўлiчваць, нi бачыць, а iмкнецца толькi дабiцца свайго.

Лёва прагнуў волi адчайна, бурна, нястрымана. Я назiраў за iм у той момант i адчуваў, што ён зараз нешта зробiць такое выбуховае. Спачатку ён стаяў каля акна маўклiвы, але ўвесь напружаны, з тварам, налiтым крывёю. Потым ухапiўся за краты i колькi было сiлы пачаў iрваць iх.



24 из 125