Краты былi моцныя, не сарваць i не сагнуць. Яны i дашчаны "наморднiк" закрывалi волю, свет, яны сляпiлi. Вочы ў Лёвы, калi ён азiрнуўся назад на камеру, як бы просячы дапамогi, блiшчалi гарачкавай хваравiтасцю i адчаем. Нейкiя секунды роздуму, i Лёва крутнуўся ад акна да блiжэйшага ложка, схапiў з яго дошку. Тырчком той дошкi ён i пачаў бiць па "наморднiку". Шчыт затрашчаў, паляцелi ўнiз дошкi, i ў камеры пасвятлела i павесялела, у акне адкрыўся двор, дрэвы i дамы за турэмным дваром.

Нiхто з насельнiкаў камеры Лёву не спынiў, нiхто нiчога яму не сказаў, усе маўчалi i чакалi, што ж зараз будзе. А ён так i стаяў з дошкай у руках, ужо нейкi расслаблены i спустошаны. Твар памякчэў, чырвань сплыла, на губах з'явiлася нешта накшталт усмешкi.

Доўга чакаць расплаты Лёву не прыйшлося. Неўзабаве дзверы камеры адчынiлiся i зайшлi чалавек пяць з турэмнай абслугi.

- Выходзь! - скамандаваў старшы, але падыходзiць да Лёвы нiхто з iх не адважваўся.

- Лёва, - сказаў шапачнiк, - не рабi глупства, не зарабляй сабе новы артыкул. Iдзi.

I Лёва акуратна паклаў дошку на месца i выйшаў з камеры.

У камеру вярнуўся праз дзесяць сутак з карцэра, з упалымi шчокамi, праваленымi вачамi, нейкi ўвесь абмяклы, яшчэ больш марудлiвы. За дзесяць галодных карцэрных сутак ён аслаб i целам, i душой. Зайшоў, лёг на свой ранейшы ложак i ляжаў так да вячэрняй баланды.

На допыт Лёву выклiкалi ў тую ж ноч. Ранiцай вярнуўся, сеў на ложак, абхапiў галаву рукамi i захiстаўся, прыгаворваючы:

- Мама мая родная, ой, ой. Я - шкоднiк. Сказалi, што я шкодзiў на бойнi. Забiваў худых быкоў. Цi ж я iх гадаваў, прывозiў такiх на бойню? Мама мая родная...

Асудзiлi Лёву дзён праз дзесяць. Спецкалегiя Вярхоўнага суда дала Лёву ўсяго восем гадоў. Не дзесяць i не пятнаццаць. Добра, што не ваенны трыбунал судзiў, а то б i "шлёпку" мог Лёва атрымаць. I за што? За тое, што забiваў худых быкоў, а не адкормленых.



25 из 125