
Гравiй - цяжкi, шуфля цяжкая, i ўжо ад некалькiх кiдкоў у мяне млелi рукi i плечы. Норма была вялiкая - пагрузiць дзве платформы траiм. Мы ледзь паспявалi загружаць толькi адну платформу, на другую сiлы не ставала. Я браў шуфляй, можа, не трэць грузу. I чым даўжэй працаваў, тым менш набiраў у шуфлю гравiю. Калi яго кiдаў у платформу, то не мог утрымаць шуфлю, каб не стукнуць цаўём аб борт. "Асцярожна, зламаеш чаранок", - папярэджваў мяне брыгадзiр. А я тады захацеў, каб ён хутчэй зламаўся, i ўжо знарок стукаў iм мацней аб востры край борта.
Напарнiкi мае былi мужчыны хоць i сталыя, але i яны за турэмныя днi i месяц этапу таксама амаль дайшлi i ў рабоце гэтак жа, як i я, ледзь варушылiся.
Мы часта рабiлi перапынкi, к канцу змены перапынкi доўжылiся, а ўсё адно сiлы не прыбаўлялася, не адкрывалася другое дыханне, бо рэзерваў арганiзм не меў. Можна было кiнуць шуфлю, легчы i праляжаць да канца змены. Але ж пужала заўтрашняя трохсотграмовая пайка, ад якой я дайду яшчэ хутчэй. У мяне i так засталiся шкiлет ды скура, мышачны слой - тоненькi, толькi каб звязаць скуру з касцямi.
У час аднаго перадыху я сказаў:
- Працаваць не буду, не магу.
Прызнаўся i яшчэ адзiн напарнiк, што ў яго таксама сiлы скончылiся.
- А я што, не такi, - сказаў трэцi, - але ж трэба працаваць.
Калi брыгадзiр пачуў ад нас, што мы ад працы адмаўляемся, то сказаў:
- Даю вам параду, дахадзягi. Загрузiце адну платформу, i я запiшу яе на каго-небудзь з вас аднаго. Той палучыць за перавыкананне нормы кiло i сто грамаў хлеба, астатнiя двое - па трыста, а ўсяго на трох - кiлаграм семсот грамаў. Калi ж вы ўсе трое не выканаеце норму, то на ўсiх будзе толькi дзевяцьсот грамаў.
